Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка агучыў галоўныя сфэры супрацы з Іранам: ад харчоў да вайсковай прадукцыі і тэхналёгіяў

абноўлена

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 20 жніўня 2025 году
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян і Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 20 жніўня 2025 году

У сваю чаргу прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян на перамовах з Лукашэнкам у Менску закрануў пытаньне санкцыяў і адносіны з ЗША.

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян прыбыў у Менск зь візытам увечары 19 жніўня. Сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам распачаліся перамовы паміж дэлегацыямі.

«Вы былі і застаяцеся нашымі сябрамі, мы адданыя выкананьню ўсіх нашых абавязаньняў, якія мы ўзялі на сябе перад Іранскай Рэспублікай. Я хачу, каб вы разумелі, што прыехалі да сваіх сяброў, і вы можаце і павінны пачувацца тут як у сваіх сяброў.

Калі ў нас і будуць невыкананьні тых умоваў, пра якія мы дамовіліся, я думаю, мы абмяркуем гэтыя пытаньні сёньня ў шчырай і дружалюбнай размове», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да прэзыдэнта Ірану.

Лукашэнка перадаў прывітаньне духоўнаму лідэру Ірану аяталу Хамэнэі і згадаў свае ранейшыя сустрэчы зь ім у часе візытаў у гэтую краіну.

«Мы гатовыя да абмеркаваньня любых пытаньняў. Закрытых тэмаў у нас няма, мы гатовыя супрацоўнічаць у пытаньнях ад забесьпячэньня харчаваньнем насельніцтва вашай краіны да вайскова-тэхнічнай супрацы. Тут няма ніякіх сакрэтаў. Мы не сябруем супраць кагосьці. Мы ўсё робім на карысьць нашых народаў — іранскага і беларускага», — падкрэсьліў Лукашэнка.

У сваю чаргу прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян адзначыў, што Беларусь і Іран маюць агульныя пазыцыі ў міжнародных пытаньнях, асабліва ў дамоўленасьцях, дасягнутых у межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, BRICS і ШАС, празь якія магчыма разьвіваць і шматбаковыя, і двухбаковыя дачыненьні.

Паводле яго, агульныя погляды павінны рэалізавацца ў эканамічнай, культурнай сфэры, у разьвіцьці турызму і вайскова-тэхнічнай супрацы.

«Вядома, той дэструктыўны аднабаковы падыход, які ажыцьцяўляецца з боку ЗША і іх хаўрусьнікаў па ўсім сьвеце, непрымальны для нас. Мы хочам застацца незалежнымі — і наша краіна, і ваша краіна, і ў рамках незалежных рашэньняў мы можам разьвіваць наша сяброўства і супрацу», — адзначыў Масуд Пэзэшкіян.

Ён дадаў, што Амэрыка і яе партнэры ўводзяць санкцыі супраць Ірану і Беларусі.

«Мы разумеем, што адзінае, што можа нэўтралізаваць усе гэтыя незаконныя санкцыі, — гэта разьвіцьцё нашых дачыненьняў і дамоўленасьцяў, якія будуць рэалізоўвацца на практыцы», — сказаў прэзыдэнт Ірану.

Візыт прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна ў Беларусь плянаваўся раней, але сарваўся пасьля абвастрэньня дачыненьняў паміж Іранам і Ізраілем.

Сустрэча адбывалася ў Палацы незалежнасьці ў Менску. Цырымонія праходзіла з удзелам ганаровай варты і выкананьнем дзяржаўных гімнаў. Плянавалася, што перамовы пройдуць у два этапы — спачатку ў вузкім, а потым у пашыраным коле.

Цырымонію афіцыйнай сустрэчы і пачатак перамоваў трансьлявалі ў жывым этэры дзяржаўныя тэлеканалы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG