У наш час усё яшчэ пашыранае меркаваньне аб тым, што малако, дзякуючы кальцыю, спрыяе здароўю і сіле костак. Газэта The New York Times пагутарыла з экспэртамі пра карысьць спажываньня малака.
Адзін кубак малака зьмяшчае каля 300 міліграмаў кальцыю, які зьяўляецца асноўным будаўнічым рэчывам для костак чалавека. Раней лічылася, што ўжываньне трох кубкаў малака ў дзень павінна зрабіць косьці мацнейшым. Але гэтая ідэя была заснаваная на кароткатэрміновых дасьледаваньнях і прасоўвалася малочнай прамысловасьцю, кажа доктар Уолтар Уілэт, прафэсар эпідэміялёгіі і харчаваньня з Гарвардзкага ўнівэрсытэту.
А дыетоляг і прафэсар мэдыцыны Стэнфардзкага ўнівэрсытэту Крыстафэр Гарднэр мяркуе, што паколькі шмат хто мае праблему зь пераварваньнем ляктозы, то лепш ня піць малако наогул. Ён мяркуе, што атрыманьне дастатковай колькасьці кальцыю па-ранейшаму важнае, асабліва для некаторых груп рызыкі, але трэба шукаць больш эфэктыўныя яго крыніцы.
Як малако ўплывае на косткі
Кальцый — незаменнае пажыўнае рэчыва, крытычна важнае для працы нэрваў, цягліц і сэрца, а таксама для здароўя костак і зубоў. Аднак, як і ў выпадку з большасьцю пажыўных рэчываў, арганізму мае патрэбу толькі ў пэўнай яго колькасьць.
Напрыклад, у ЗША дыетычныя рэкамэндацыі раяць дарослым спажываць ад 1000 да 1200 міліграм кальцыю ў дзень, а ў Вялікай Брытаніі рэкамэндуюць усяго 700 міліграмаў.
Папярэднія клінічныя дасьледаваньні паказалі, што калі дзеці і дарослыя, якія не спажывалі дастаткова кальцыю, павялічвалі яго спажываньне (за кошт малочных прадуктаў ці харчовых дадаткаў), шчыльнасьць іх костак павялічвалася ў сярэднім на 3 адсоткі. Па словах доктара Уілэта, гэты прырост занадта нязначны, каб істотна зьнізіць рызыку пераломаў.
«Уяўленьне аб тым, што людзям трэба шмат кальцыю, заснаванае галоўным чынам на вельмі кароткатэрміновых дасьледаваньнях, якія вывучалі балянс кальцыю на працягу некалькіх тыдняў», — кажа доктар Уілэт.
Сучасны погляд на праблему
Аналіз 79 артыкулаў аб малацэ, апублікаваных у пэрыяд з 1999 па 2003 год, паказаў, што больш за траціну зь іх фінансавала малочная прамысловасьць.
У навукі ёсьць нават доказы таго, што людзі могуць мець моцныя косткі, не ўжываючы малако. Паводле аднаго агляду, апублікаванага ў 2020 годзе, людзі, якія жывуць у краінах з самым нізкім узроўнем пераломаў шыйкі сьцягна, як правіла, п’юць менш малака. Аналіз шматлікіх дасьледаваньняў паказаў, што ўжываньне большай колькасьці малака ня зьвязанае са зьніжэньнем рызыкі пераломаў.
Падобныя дасьледаваньні ня могуць даказаць ніякай сувязі паміж спажываньнем малака і здароўем костак, кажа доктар Рэнэ Рыцолі, былы загадчык аддзяленьня захворваньняў костак ва ўнівэрсытэцкіх клініках Жэнэвы. Напрыклад, каб даказаць, што спажываньне малака прадухіляе пераломы, патрэбныя клінічныя дасьледаваньні на гэтую тэму, якія яшчэ не праводзіліся.
Лекары мяркуюць, што ў канечным выніку фізычныя практыкаваньні і багаты рацыён харчаваньня могуць аказваць большы ўплыў на здароўе костак. Таму раяць не спадзявацца толькі на малако, каб выключыць рызыку пераломаў, кажа доктар Рыцолі.
Адначасова экспэрты сьцьвярджаюць, што дзецям ва ўзросьце ад 9 да 18 гадоў патрабуецца больш кальцыю для падтрыманьня росту; тое ж самае адносіцца і да пажылых людзей, паколькі шчыльнасьць костак, як правіла, зьніжаецца пасьля 50 гадоў.
Куды сыходзіць кальцый
Па словах доктара Гарднэра, калі ўзровень кальцыю ў арганізьме чалавека нізкі, арганізм можа адаптавацца, беручы больш кальцыю зь ежы і менш выводзячы яго ў выглядзе адкідаў. Аднак гэтыя мэханізмы слабеюць з узростам, і калі кальцыю не хапае, арганізм пачынае выцягваць яго з костак, што прыводзіць да іх аслабленьня.
У клінічным дасьледаваньні 2021 году дасьледчыкі падзялілі больш за 7000 пажылых людзей у дамах састарэлых у Аўстраліі на дзьве групы: адна зь іх працягвала ўжываць дзьве порцыі малочных прадуктаў у дзень, а другая павялічыла спажываньне да 3,5 порцый. За два гады дасьледаваньня ў групы, якая спажывала больш малочных прадуктаў, рызыка падзеньняў зьнізілася на 11%, а рызыка пераломаў — на 33%. Дасьледнікі таксама выявілі, што ў гэтых людзей захоўвалася большая вага, цягліцавая маса і большая шчыльнасьць костак у параўнаньні з групай, якая спажывала менш малочных прадуктаў. Але аўтары дасьледаваньня не высьвятлялі, ці была больш нізкая рызыка падзеньняў і пераломаў зьвязаная з мацнейшымі косткамі ці з чымсьці іншым.
Дыетолягі ўсё яшчэ мяркуюць, што малако можа быць адной з самых зручных крыніц кальцыю, нароўні зь іншымі пажыўнымі рэчывамі, такімі як бялок, калій і фосфар, лічыць Джэры Нівэс, дыетоляг з Бальніцы спэцыяльнай хірургіі ў Нью-Ёрку. Іншыя прадукты, такія як тофу, касьцістая рыба і ліставая гародніна, таксама зьяўляюцца добрымі крыніцамі кальцыю.
Але найлепшай крыніцай кальцыю, магчыма, зьяўляюцца фэрмэнтаваны малочныя прадукты, такія як ёгурт і сыр. Яны падтрымліваюць кішэчную мікрафлёру і, як правіла, лепш пераносяцца людзьмі з павышанай адчувальнасьцю да ляктозы. Сыры і ёгурты ў большай ступені зьвязаныя зь ніжэйшай рызыкай пераломаў, чым малако, кажа доктар Рыцолі. Порцыя сыру чэдэр вагой 45 грамаў зьмяшчае столькі ж кальцыю, колькі шклянка натуральнага малака.
Таму парада лекараў наступная: калі вам падабаецца малако, піце яго; калі ж не падабаецца або вы яго не пераносіце, выкарыстоўвайце іншую крыніцу кальцыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі карысныя яйкі?