Міністар унутраных спраў Івіца Дачыч заявіў, што ў час пратэстаў пацярпелі як мінімум 42 паліцэйскія, некалькі зь іх атрымалі цяжкія траўмы, а 37 чалавек былі затрыманыя. У Бялградзе адбыліся некалькі здарэньняў, а ў Новім Садзе разбураныя тры памяшканьні кіроўнай Сэрбскай прагрэсіўнай партыі. Сяброў кіроўнай партыі ў памяшканні ў час разбурэньня не было.
У Новім Садзе таксама адбылося сутыкненьне паміж дэманстрантамі і паліцыяй. Паліцыя выкарыстоўвала супраць пратэстоўцаў сьлёзацечны газ, піша Балканская служба Свабоды.
Сьлёзацечны газ таксама некалькі разоў быў кінуты ў маніфэстантаў у Бялградзе, дзе пратэст праходзіў у некалькіх месцах. Некалькі кардонаў жандармэрыі і паліцыі выкарысталі тэхніку для разгону дэманстрацыі каля Генэральнага штабу.
У некалькіх гарадах Сэрбіі перад будынкамі Сэрбскай прагрэсіўнай партыі былі арганізаваныя пратэсты, што прывяло да напружанасьці і ўмяшаньня паліцыі.
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч асудзіў зьнішчэньне будынку Сэрбскай прагрэсіўнай партыі ў Новім Садзе і заявіў, што ўсе, хто ўжываў гвалт, будуць прыцягнуты да адказнасьці.
Маніфэстанты патрабуюць ад Вучыча абвяшчэньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, з чым прэзыдэнт не пагаджаецца. Напярэдадні Вучыч паабяцаў не зьмяняць Канстытуцыю краіны, заявіўшы, што ня можа і ня будзе вылучацца на наступныя выбары прэзыдэнта Сэрбіі.
У Сэрбіі больш за дзевяць месяцаў працягваюцца антыўрадавыя пратэсты, якія ўзначальваюць студэнты, якія патрабуюць ад ураду адказнасьці за гібель 16 чалавек у выніку падзеньня павеці на галоўным чыгуначным вакзале ў горадзе Нові Сад 1 лістапада. Трагедыя адбылася на толькі што здадзеным аб’екце, які рэканструявалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сэрбіі аднавіліся пратэсты супраць прэзыдэнта Вучыча, ёсьць пацярпелыя