Трамп заявіў, што пагутарыў з Лукашэнкам па тэлефоне і абмеркаваў вызваленьне 1300 вязьняў

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth, што ў яго адбылася «цудоўная размова» з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, зь якім Трамп абмеркаваў вызваленьне 1300 беларускіх вязьняў.

«У мяне адбылася цудоўная размова з паважаным прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Мэтай званка было выказаць яму падзяку за вызваленьне 16 зьняволеных. Мы таксама абмяркоўваем вызваленьне яшчэ 1300 вязьняў. Наша гутарка была вельмі плённай. Мы абмеркавалі мноства тэмаў, у тым ліку візыт прэзыдэнта Пуціна на Аляску. З нецярплівасьцю чакаю сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам у будучыні. Дзякую вам за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў Дональд Трамп.

На сайце Аляксандра Лукашэнкі паведамляецца, што тэлефонная размова з Трампам адбылася 15 жніўня.

Урадавае агенцтва БЕЛТА паведаміла, што Аляксандр Лукашэнка падчас тэлефоннай размовы запрасіў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыехаць зь сям’ёй у Беларусь. Пра гэта агенцтву паведамілі ў прэсавай службе кіраўніка Беларусі.

«Дасягнутая дамоўленасьць прадоўжыць кантакты. Прэзыдэнт Беларусі запрасіў Дональда Трампа зь сям’ёй у Менск, і гэтае запрашэньне было прынятае» — цытуе БЕЛТА прэсвую службу Лукашэнкі.

Таксама БЕЛТА піша, што лідэры дзьвюх краін абмеркавалі пытаньні двухбаковага парадку дня, рэгіянальную тэматыку і сытуацыю ў гарачых пунктах, уключаючы Ўкраіну.

Рэакцыі на тэлефонную размову

Дэмакратычная лідэрка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што пакуль рэпрэсіі ў Беларусі ня спыняцца цалкам, і ўсе палітвязьні ня выйдуць на волю, «не павінна быць ніякіх зьменаў у палітыцы ў дачыненьні да рэжыму» ў Менску.

У сацыяльнай сетцы Х Ціханоўская напісала:

«Мы вітаем намаганьні прэзыдэнта Трампа па вызваленьні палітвязьняў у Беларусі і аказаньні нам дапамогі ў аднаўленьні міру і справядлівасьці. Гэта важная гуманітарная місія прэзыдэнта — выратаваць жыцьці нявінных людзей.

Цяпер мы чакаем, што рэжым Лукашэнкі цалкам спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх нявінных людзей з турмаў, што стане найважнейшым першым крокам да міру, свабоды і прымірэньня.

І пакуль гэтага не адбудзецца, не павінна быць ніякіх зьменаў у палітыцы ў дачыненьні да рэжыму».

Намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Павел Латушка напісаў, што тэлефонная размова кіраўнікоў ЗША і Беларусі магла адбыцца ў сувязі з патэнцыйнымі зьменамі геапалітычнага характару і магчымымі перамовамі нфа тэрыторыі Беларусі па пытаньні перамір’я ў вайне Расеі супраць Украіны.

«Аб’яднаны Пераходны Кабінэт неаднаразова перадаваў свае прапановы амэрыканскаму боку па пытаньні выкананьня рэжымам умоваў для прыпыненьня санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Нам важна прытрымлівацца пасьлядоўнай пазыцыі: вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій і дэкрыміналізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця ў Беларусі могуць стаць перадумовамі для прыпыненьня санкцый і пачатку нацыянальнага дыялёгу для вырашэньня ўнутрапалітычнага крызісу.

Лічу, што вырашэньне пытаньняў рэгіянальнай бясьпекі без урэгуляваньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі немагчымае».

Кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі мяркуе, што размова прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам зьяўляецца заканамерным працягам гуманітарных перамоваў паміж Вашынгтонам і Менскам на тэму вызваленьня палітвязьняў.

«Мы падтрымліваем дзеяньні амэрыканскага і беларускага бакоў па працягу практычных крокаў дзеля таго, каб усе зьняволеныя ў кантэксьце падзей пасьля 2020 году ў Беларусі маглі як мага хутчэй выйсьці на волю.

Дасягненьне мэтаў гуманітарных перамоваў ЗША і Беларусі дазволіць больш эфэктыўна прасоўваць нацыянальныя інтарэсы нашай краіны ў кантэксьце мірнага працэсу для Ўкраіны і рэгіянальнай бясьпекі», — напісаў Валер Кавалеўскі.

Ён мяркуе, што гуманітарны трэк павінен заставацца прыярытэтным кірункам, а дзейныя санкцыі і абмежаваньні павінны ня быць самамэтаю, а служыць сродкам вызваленьня палітвязьняў і спыненьня перасьледу і рэпрэсій у Беларусі і за яе межамі.

Сёньня на Алясцы а 22-й гадзіне менскага часу пачнецца сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 фактаў, якія трэба ведаць перад самітам Трампа і Пуціна