Ціханоўская пра размову Трампа з Лукашэнкам: «Цяпер мы чакаем, што рэжым Лукашэнкі цалкам спыніць рэпрэсіі»

Сьвятлана Ціханоўская.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што пакуль рэпрэсіі ў Беларусі ня спыняцца цалкам, і ўсе палітвязьні ня выйдуць на волю, «не павінна быць ніякіх зьменаў у палітыцы ў дачыненьні да рэжыму» ў Менску.

У сацыяльнай сетцы Х Ціханоўская напісала:

«Мы вітаем намаганьні прэзыдэнта Трампа па вызваленьні палітвязьняў у Беларусі і аказаньні нам дапамогі ў аднаўленьні міру і справядлівасьці. Гэта важная гуманітарная місія прэзыдэнта — выратаваць жыцьці нявінных людзей.

Цяпер мы чакаем, што рэжым Лукашэнкі цалкам спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх нявінных людзей з турмаў, што стане найважнейшым першым крокам да міру, свабоды і прымірэньня.

І пакуль гэтага не адбудзецца, не павінна быць ніякіх зьменаў у палітыцы ў дачыненьні да рэжыму».

Намесьнік Сьвятланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Павел Латушканапісаў, што тэлефонная размова кіраўнікоў ЗША і Беларусі магла адбыцца ў сувязі з патэнцыйнымі зьменамі геапалітычнага характару і магчымымі перамовамі нфа тэрыторыі Беларусі па пытаньні перамір’я ў вайне Расеі супраць Украіны.

«Аб’яднаны Пераходны Кабінэт неаднаразова перадаваў свае прапановы амэрыканскаму боку па пытаньні выкананьня рэжымам умоваў для прыпыненьня санкцый у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі.

Нам важна прытрымлівацца пасьлядоўнай пазыцыі: вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій і дэкрыміналізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця ў Беларусі могуць стаць перадумовамі для прыпыненьня санкцый і пачатку нацыянальнага дыялёгу для вырашэньня ўнутрапалітычнага крызісу.

Лічу, што вырашэньне пытаньняў рэгіянальнай бясьпекі без урэгуляваньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі немагчымае».

Ціханоўская: «На жаль, досьвед паказвае, што Лукашэнку верыць нельга»

Абʼяднаны пераходны кабінэт Беларусі на пасяджэньні, скліканым пасьля тэлефоннай размовы Трампа і Лукашэнкі, падкрэсьліў важнасьць намаганьняў ЗША па вызваленьні ўсіх беларускіх палітвязьняў і падзякаваў за тое, што гэта застаецца прыярытэтам для прэзыдэнта Дональда Трампа.

Сьвятлана Ціханоўская заявіла: «Я ведаю, што Прэзыдэнт Трамп зрабіў гэты званок дзеля важнай гуманітарнай місіі — вызваленьня нашых людзей і спыненьня рэпрэсіяў. Гэта спроба выратаваць жыцьці нявінных людзей і дабіцца сыстэмных зьменаў у Беларусі. І я ўпэўненая, што ў Прэзыдэнта Трампа ёсьць для гэтага ўплыў і ўсе неабходныя рычагі».

Яна паўтарыла, што рэжым павінен ня толькі вызваліць людзей, але і спыніць рэпрэсіі. Вызваленыя мусяць мець магчымасьць застацца ў Беларусі, калі захочуць, а тыя, хто выехаў пад пагрозай рэпрэсіяў, павінны мець магчымасьць бясьпечна вярнуцца. Гэта неабходныя крокі для дээскаляцыі, лічыць Ціханоўская.

«На жаль, досьвед паказвае, што Лукашэнку верыць нельга. Трэба глядзець на справы, а ня словы», — падсумавала яна.

Пазыцыя Абʼяднанага пераходнага кабінэта — вызваленьне ўсіх палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў і дэкрыміналізацыя грамадзка-палітычнага жыцьця як умова для разгляду прыпыненьня санкцыяў і пачатку нацыянальнага дыялёгу. У бліжэйшыя дні кабінэт працягне кансультацыі з ЗША і Эўразьвязам.

15 жніўня прадстаўнікі Офіса Сьвятланы Ціханоўскай правялі размову з Крысам Сьмітам, прадстаўніком Дзярждэпартамэнта ЗША, які адказвае за Беларусь і ўдзельнічаў у вызваленьні палітвязьняў.

Зазулінская: рыхтавацца да магчымага вызваленьня ўсіх палітвязьняў трэба ўжо цяпер

Прадстаўніца Кабінэту па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская адзначыла, што навіна пра магчымы выхад яшчэ 1300 палітвязьняў — нагода рыхтавацца ўжо цяпер. Яна заклікала беларусаў унутры краіны і за мяжой абʼядноўвацца, каб сустрэць і падтрымаць вызваленых.

Зазулінская сказала, што сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду можа не хапіць, і ў такім выпадку будуць абвешчаныя каналы для далучэньня да дапамогі.

Раней сёньня стала вядома, што 15 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Трамп пасьля размовы напісаў, што мова ішла аб вызваленьні 1300 палітвязьняў Беларусі. Афіцыйныя беларускія крыніцы паведамілі, што Лукашэнка запрасіў Трампа зь сям'ёй наведаць Беларусь, і што запрашэньне было прынятае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што пагутарыў з Лукашэнкам па тэлефоне і абмеркаваў вызваленьне 1300 вязьняў