Пасьля званка Трампа Лукашэнка таксама паразмаўляў з прадстаўніком прэзыдэнта ЗША Джонам Коўлам

Джон Коўл і Дональд Трамп, архіўнае фота

Джон Коўл, паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, пазваніў яму па даручэньні Дональда Трампа.

Тэмай размовы зноў былі перамовы на Алясцы і сытуацыя ва Ўкраіне.

Абмеркавалі таксама беларуска-амэрыканскае ўзаемадзеяньне і магчымыя сустрэчныя крокі, прычым сайт Лукашэнкі падкрэсьліў, што гэтая тэма была паднятая ЗША.

З паведамленьня сайту Лукашэнкі можна зрабіць выснову, што тэму палітвязьняў не абмяркоўвалі.

Але юрыст Джон Коўл быў на перамовах з Лукашэнкам 21 чэрвеня ў Менску, пасьля якіх вызвалілі 14 беларускіх палітвязьняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага. Прынамсі, столькі імёнаў вядомыя грамадзкасьці. У допісе па выніках размовы з Лукашэнкам Трамп згадаў 16 вязьняў. Прэс-служба Лукашэнкі яго не папраўляла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што пагутарыў з Лукашэнкам па тэлефоне і абмеркаваў вызваленьне 1300 вязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрыст Трампа расказаў, як вёў перамовы з Лукашэнкам, вынікам якіх стала вызваленьне палітвязьняў