ЗША прызначылі ў Беларусі новага часовага паверанага ў справах

Шыльда на будынку амбасады ЗША ў Менску

Майкл Крайдлер (Michael Kreidler) быў прызначаны часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі ў ліпені 2025 году. У адсутнасьць пасла ён прадстаўляе Злучаныя Штаты ў Рэспубліцы Беларусь, ажыцьцяўляе зьнешнюю палітыку ЗША і кіруе пэрсаналам амбасады, гаворыцца на сайце амэрыканскага пасольства ў Беларусі, якое працуе ня ў Менску.

Да гэтага Майкл Крайдлер працаваў у Дэпартамэньце дзяржбясьпекі ЗША — у Бюро эўрапейскіх і эўразійскіх спраў, а таксама выконваў дыпляматычныя місіі ў Кіеве, Ісламабадзе, Бішкеку, Прышціне і Ерэване

Ён мае ступень магістра міжнародных адносін ад Унівэрсытэту Калюмбія і бакаляўра гісторыі ад Унівэрсытэту Пэнсільваніі. Да службы ў зьнешніх справах быў валянтэрам корпусу Міру ва Ўкраіне; валодае расейскай, украінскай і армянскай мовамі

Да яго часовым павераным у справах ЗША ў Беларусі быў Пітэр Каўфман, які заняў пасаду ў чэрвені 2023 году і працаваў у Вільні.

  • У 2008 годзе афіцыйны Менск запатрабаваў выезду пасла ЗША і адмовіў у яго акрэдытацыі. Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз увялі санкцыі супраць Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, якія заходнія назіральнікі не прызналі ні справядлівымі, ні свабоднымі. У адказ на санкцыі Беларусь адклікала свайго пасла з ЗША ў 2008 годзе. Неўзабаве пасьля гэтага і пасол ЗША ў Менску пакінуў краіну.
  • Амбасадарка Джулія Фішэр хаця і была зацьверджаная Сэнатам у сьнежні 2020 году, не атрымала візу для ўезду ў Беларусь і мусіла працаваць з-за мяжы
  • У рамках захадаў бясьпекі, выкліканых вайсковым уварваньнем Расеі ва Украіну, ЗША прыпынілі працу сваёй амбасады ў Менску і вывезьлі ўсіх супрацоўнікаў — амбасада перастала працаваць на тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стаіць за заявай МЗС пра гатоўнасьць да дыялёгу з ЗША? Тлумачаць Мажэйка і Кавалеўскі