Усясьветная харчовая праграма ААН папярэджвае пра «беспрэцэдэнтны» голад у Афганістане

Маці з дачкой у клініцы ў Афганістане, якая працуе пры падтрымцы Усясьветнай праграмы харчаваньня ў галіне недаяданьня. Архіўнае фота

Жыхары Кабулу сказалі Радыё Свабода, што яны просяць рысу і «гатовыя прыняць сьмерць», тымчасам як Усясьветная харчовая праграма ААН (УХП) заявіла, што «сотні тысяч людзей адрэзаныя» ад цэнтраў выдачы харчаваньня.

Аб праблеме голаду пад уладай талібаў ў Афганістане пішуць журналісты Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг і Амід Марзбан.

Дырэктар Усясьветнай харчовай праграмы ў Афганістане Джон Эйліф заявіў, што засуха, рэзкае скарачэньне дапамогі і вымушанае вяртаньне 1,5 мільёна аўганцаў з Ірану і Пакістану прывялі да «ўсё больш вострага недаяданьня» ў краіне, якая цярпіць ад беднасьці.

«Нам трэба зрабіць усё магчымае, каб унікнуць голаду, — сказаў ён Радыё Свабода.— Гэта можа быць беспрэцэдэнтна, бо зімой можа спатрэбіцца харчовая дапамога 10–15 мільёнам чалавек. А на гэты момант у нас няма фінансаваньня і ніякай рэакцыі на гэта».

УХП у Афганістане заявіла, што ў бліжэйшыя шэсьць месяцаў ёй спатрэбіцца 539 мільёнаў даляраў, каб дапамога дасягнула ўсіх найбольш уразьлівых сем’яў ува ўсёй краіне.

Але многія донары скарацілі свае складкі. Паводле зьвестак УХП у Афганістане, за 2025 год яна атрымала каля 155 мільёнаў даляраў. Гэта нашмат менш у параўнаньні з амаль 560 мільёнамі годам раней і амаль 1,6 мільярда даляраў у 2022 годзе.

«ЗША былі фэнамэнальна шчодрым донарам у Афганістане цягам дзесяцігодзьдзяў, забясьпечваючы львіную долю гуманітарнай дапамогі разам зь іншымі шчодрымі донарамі з усяго сьвету, — сказаў Эйліф, — Зараз ня час для таго, каб нехта скарачаў дапамогу або адмаўляўся ад яе».

Радыё Свабода зьвярнулася да Белага дому па камэнтар. Паводле справаздачы, апублікаванай у мінулым месяцы дэмакратамі ў Сэнаце, за першыя некалькі месяцаў знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп скараціў больш за 7400 праграмаў замежнай дапамогі ўва ўсім сьвеце на суму 80 мільярдаў даляраў.

4 жніўня прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту заявіў Радыё Свабода, што «за апошнія прыблізна чатыры гады замежную дапамогу, прызначаную народу Афганістану, сыстэматычна перанакіроўвалі і канфіскоўвалі талібы — глябальная тэрарыстычная групоўка».

«Амаль праз чатыры гады пасьля захопу ўлады ў Афганістане настаў час, каб талібы паклапаціліся пра дабрабыт афганскага народу», — дадаў ён.


«Гатовая прыняць сьмерць»

Сытуацыя нясе зьнішчальныя наступствы для такіх людзей, як 42-гадовая жыхарка Кабулу Гуль Даста. Яна раней працавала прыбіральніцай у Міністэрстве працы і сацыяльных справаў. Калі талібы захапілі ўладу ў жніўні 2021 году, яны забаранілі жанчынам працаваць у дзяржаўных установах, і яе звольнілі. Муж Гуль Даста хварэе на цяжкую форму дыябэту і ня можа працаваць. У пары 9-гадовы сын і дзьве дачкі 14 і 16 гадоў. Яны не атрымлівалі міжнароднай харчовай дапамогі ўжо пяць месяцаў.

«Бывалі дні, калі нам не было чаго есьці. Я варыла крыху рысу, які выпрошвала ў суседзяў, і карміла сваіх дзяцей. Кожны дзень жыцьця такі цяжкі. Бывала, што я плакала цэлы дзень», — сказала яна ў тэлефонным інтэрвію Радыё Свабода.

Яшчэ адна жыхарка Кабулу, зь якой мы размаўлялі, расплакалася падчас размовы. Абэда, 54 гады, — удава, якая жыве з 15-гадовым сынам, 26-гадовай дачкой-удавой і двума ўнукамі. Яна працавала прыбіральніцай у жаночай сярэдняй школе, пакуль талібы не закрылі яе ў рамках кампаніі супраць адукацыі для жанчын.

«У мінулы чацьвер у мяне дома нічога не было. Нават бульбы ці памідораў. Я ненавідзела сваё жыцьцё. Жыцьцё поўнае болю і праблемаў. У мінулы чацьвер я нават была гатовая прыняць сьмерць», — сказала яна ў інтэрвію 11 жніўня.

Эйліф паведаміў, што сытуацыя яшчэ горшая ў сельскай мясцовасьці, дзе каля 400 клінік, якія таксама раздаюць харчаваньне, закрыліся празь недахоп сродкаў.

«У выніку мы адмаўляем сотням тысяч людзей, — сказаў ён.—Часам ім даводзілася ісьці да клінікі пяць гадзін. Уявіце сабе пакуты, калі вы прыходзіце і бачыце, што клініка зачынена».

Эйліф дадаў, што Ўсясьветная харчовая праграма зараз можа забясьпечыць ежай каля 1 мільёна чалавек у параўнаньні з 5 мільёнамі год таму. Але, паводле яго, неўзабаве ў праграмы скончацца грошы, а гэта значыць, што харчовая дапамога спыніцца «амаль цалкам» да кастрычніка.

Чыноўнікі Талібану пераважна ўхіляюцца ад публічных камэнтароў пра голад, замест гэтага робячы расплывістыя заўвагі, дзе вінавацяць іншаземных дзеячоў і структуры ў агульных эканамічных цяжкасьцях краіны. Напрыклад, у заяве Міністэрства эканомікі яшчэ ў лютым гаварылася:

«Акрамя фінансавых і эканамічных санкцыяў, уведзеных Злучанымі Штатамі, замарожваньне актываў паўплывала на нацыянальную эканоміку Афганістану».

Радыё Свабода ня можа вольна працаваць у Афганістане з моманту захопу ўлады талібамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня жыць, а выжываць». Як за 2 гады вяртаньня да ўлады талібаў зьмянілася жыцьцё ў Афганістане