Viso gero. Беларусы расказваюць, чаму зьяжджаюць зь Літвы

Акцыя беларусаў у Вільні, 9 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйна больш за ўсё грамадзян Беларусі жылі ў Літве на пачатку 2024 году. Пасьля іх толькі менела. Паводле сьвежай статыстыкі, за паўтара года зь Літвы зьехалі каля 10 тысяч беларусаў і гэты працэс працягваецца.

Мінус 30 чалавек у дзень

Паводле афіцыйнай статыстыкі, больш за ўсё беларусаў у Літве было на пачатку 2024 году. Тады Дэпартамэнт міграцыі апублікаваў зьвесткі пра тое, што афіцыйна ў Літве стала жывуць больш за 62 тысячы беларусаў. Гэта быў сапраўдны пік. У студзені 2023-га дзяржаўныя структуры налічылі ў Літве 49 тысяч беларусаў. Аднак апошнімі гадамі сытуацыя пачала вяртацца назад, і цалкам магчыма, што ўжо сёлета беларусаў у Літве будзе менш, чым тры гады таму.

Паводле апошняй на гэты момант статыстычнай публікацыі, дазволы на жыхарства ў Літве зараз маюць каля 52 тысяч грамадзян Беларусі. Яшчэ шэсьць месяцаў таму іх было больш за 57 тысяч. Згодна з гэтымі лічбамі, штодня зь Літвы зьязджаюць каля 30 беларусаў. Частка робіць гэта вымушана, атрымаўшы адмову працягваць дазвол на жыхарства, частка добраахвотна.

У літоўскія і беларускія СМІ пэрыядчна трапляюць гісторыі пра тое, як камусьці зь беларусаў удалося адстаяць права на жыхарства ў Літве праз суд. Аднак, як сьведчыць статыстыка, большасьць беларусаў зьяжджаюць зь Літвы без мэдыйнага шуму.

Беларуская прысутнасьць у Польшчы тым часам надалей стабільна расьце. Калі ў 2020 годзе афіцыйна ў Польшчы жылі толькі 29 тысяч беларусаў, у 2021 — 40700, то ў 2025 ужо больш за 145 тысяч.

«Транзытны пэрыяд»

Максіму (імя суразмоўцы зьмененае з пытаньняў бясьпекі — РС) 40 гадоў, пражыў у Літве два з паловай гады, апошні год жыве ў Польшчы. Кажа, што пра пераезд не шкадуе і вяртацца ў Літву больш не зьбіраецца.

«У Літву я пераяжджаў па працы у 2021 годзе — расказвае Максім. — Прыняў прапанову ІТ-кампаніі, пераехаў. Я пераяжджаў не зь Беларусі, ужо даволі даўно жыву ў Эўразьвязе. Таму мая гісторыя адрозьніваецца ад гісторыяў многіх беларускіх IT-спэцыялістаў. Сьвядома пераяжджаў».

Беларусы на акцыі з нагоды гадавіны 9 жніўня 2020 году. Вільня

Максім кажа, што ня можа назваць свой «літоўскі пэрыяд» кепскім. Лічыць, што гэта быў цікавы досьвед і даволі добры час.

«У Вільні ёсьць жыцьцё, — кажа Максім. — Цэны былі на момант пераезду больш прыемнымі. У 2024, калі я зьяжджаў, цэны былі ўжо іншымі. З кепскім стаўленьнем літоўцаў да мяне я ніколі не сутыкаўся. У нашай кампаніі было некалькі літоўцаў, вельмі добрыя адносіны зь імі былі. Але я вырашыў зьехаць. Некалькі фактараў было. Першы — унутраная палітыка і міграцыйнае заканадаўства. Калі некаторыя палітычныя дзеячы Літвы дазваляюць сабе антыбеларускую рыторыку, то не адчуваеш сябе камфортна. Міграцыйнае заканадаўства, калі табе трэба 10 гадоў пражыць, каб атрымаць права на грамадзянства, таксама. Польшча тут выглядае больш прывабна».

Як кажа Максім, сваю ролю адыгрывае і памер падаткаў, а таксама цэны. Зараз у Польшчы ён выдаткоўвае значна менш. Суразмоўца кажа, што пасьля пераезду ўзровень яго жыцьця істотна падвысіўся празь ніжэйшыя цэны і падаткі ў Польшчы.

«У Літве я плаціў штомесяц каля 40% свайго даходу ў выглядзе падаткаў, — кажа Максім. — І мне часам не было зразумела, куды яны ідуць. Бо тая ж інфраструктура ў Літве часам выглядае ня так, як магла б. На мой погляд. Пры гэтым адзначу, што ў Літве ёсьць сфэры, якія добра працуюць. Мэдыцына тая ж».

З словаў суразмоўцы, за год жыцьця ў Польшчы ён ні разу яшчэ не пашкадаваў пра пераезд зь Літвы. Назад ён цяпер дакладна не зьбіраецца.

«За 2,5 году жыцьця ў Літве ў мяне не было ніколі адчуваньня, што я магу ў гэтай краіне спакойна будаваць сваё жыцьцё, мець пляны не на наступны год, а надоўга, — кажа Максім. — Я заўсёды адчуваў, што мой час жыцьця ў Літве — гэта транзытны пэрыяд. Што нешта далей будзе больш сталае. Мае знаёмыя, якія яшчэ жывуць у Літве, не ад’яжджаюць масава ў іншыя краіны. Але ўсё больш зь іх пачынаюць пра гэта задумвацца. Праблемы з працягам дазволаў на жыхарства, відаць, зараз асноўная прычына пераезду».

Максім дадае, што, жывучы ў Літве, ня думаў пра магчымае ўварваньне расейскіх войскаў на яе тэрыторыю, на яго пераезд у Польшчу такая імавернасьць дакладна не ўплывала. З словаў беларуса, ён сумняваецца ў такім разьвіцьці падзеяў. Яго куды больш турбавала блізкасьць Астравецкай АЭС да Вільні.

Нацыянальная пагроза

Уладзімеру (імя суразмоўцы зьмененае з пытаньняў бясьпекі — РС ) 34, у Літву ён пераехаў у 2021 годзе. Кажа, што прычынай стаў магчымы арышт за ўдзел у пратэстах. За чатыры гады жыцьця ў Вільні ён пачаў крыху размаўляць па-літоўску, атрымаў гуманітарны дазвол на жыхарства, дзейны яшчэ некалькі гадоў. Але ўсё адно зьбіраецца зьяжджаць у бліжэйшыя месяцы.

«Дакумэнты — асноўная прычына, — прызнаецца Ўладзімер. — Колькі б я тут ні жыў, мне не дадуць расслабіцца. Пытаньне падаўжэньня дакумэнтаў будзе пастаянна напружваць. Пакуль беларусам даюць часовыя гуманітарныя дазволы на жыхарства. Але ніхто ня можа гарантаваць, што іх будуць даваць праз год ці два».

Беларусы на акцыі з нагоды гадавіны падзей 9 жніўня 2020 году, Вільня

Уладзімер згадвае пра абмежаваньні аўтобуснага руху паміж Беларусьсю і Літвой, забарону прыяжджаць на аўтамабілі зь беларускімі нумарамі зь візамі іншых эўрапейскіх краін. Суразмоўца кажа, што ўжо пачаў баяцца адкрываць літоўскія інфармацыйныя сайты, бо там пастаянна зьяўляюцца дрэнныя для беларусаў навіны.

«Мне гэта ўсё крыху дзіўна бачыць, — кажа суразмоўца. — Я працую на замежную кампанію дыстанцыйна, маю афіцыйны сталы даход. Мой заробак пералічваюць з-за мяжы на літоўскі рахунак. Штомесяц я плачу амаль 40% падатку, прыкладна 1500–2000 эўра яшчэ трачу на жыцьцё. Неяк падлічыў, што толькі я ў выглядзе падаткаў і выдаткаў прыношу Літве больш за 30 тысяч эўра ў год. А нам кажуць, што мы нясем нацыянальную пагрозу Літве. Ну добра, буду несьці гэтую „пагрозу“ ў іншай краіне. Разам з сваімі грашыма».

З словаў Уладзімера, заявы літоўскіх палітыкаў і дзеяньні ўладаў не супадаюць з тым, што ён чуе ад літоўцаў, зь якімі пазнаёміўся за час жыцьця ў Літве. Яны збольшага ставяцца да беларусаў прыязна альбо нэўтральна.

«Палітыкам прасьцей знайсьці ворагаў у выглядзе беларусаў, чым штосьці пачаць рабіць, каб умацаваць бясьпеку краіны, — кажа суразмоўца. — Я разумею, чаму так і што гэта пераважна толькі словамі й застаецца. Але жаданьня плянаваць сваю будучыню ў Літве гэта ўсё адно не падмацоўвае. Кампаніі зьяжджаюць, людзі зьяжджаюць. Зараз пераехаць стала цяжэй, але яшчэ магчыма. Замест беларусаў у Літву прыяжджаюць грамадзяне Індыі і Пакістану. Магчыма, з часам іх тут стане больш, чым нас».

Пры гэтым Уладзімер прызнаецца, што зьбірае рэчы ў сваёй віленскай здымнай кватэры з шкадаваньнем. На яго думку, цяжка знайсьці бліжэйшага да беларусаў народу больш, чым літоўцы.

«Пра „адзін народ“ я, вядома, ня буду жартаваць, але мы насамрэч вельмі блізкія, — кажа Ўладзімер. — Нягледзячы на розныя мовы, на мяжу, якая ўзьнікла на пачатку 1990-х. Я ў працы часта маю дачыненьне з украінцамі і палякамі. І таму перакананы, што мы больш падобныя да літоўцаў, чым да іншых суседзяў. Магчыма, гэта супольная гісторыя дае сябе знаць, магчыма, нешта іншае. У нас нават кухні вельмі падобныя, вёскі літоўскія ад беларускіх цяжка адрозьніць, стрыманасьць гэтая нашая».

Пра пляны ў Польшчы Ўладзімер адказвае няўцямна. Прызнаецца, што пакуль асноўны яго плян — проста пераехаць. Ён спадзяецца, што гэты пераезд стане для яго апошнім у жыцьці. Вяртацца ні ў Літву, ні ў Беларусь ён не хацеў бы.