Генэральная пракуратура Расеі прызнала непажаданай дзейнасьць у краіне нямецкага фонду «Памяць, адказнасьць і будучыня» (EVZ), які захоўвае памяць аб злачынствах нацызму, а таксама выплачваў яго ахвярам у Расеі кампэнсацыі.
У Беларусі фонд рэалізаваў 205 такіх праектаў. Аналягічную падтрымку надаюць таксама грамадзянам іншых краін — Расеі, Украіны, Малдовы, Чэхіі, Польшчы, Ізраілю і іншых.
Сёлета 24 сакавіка нямецкі дабрачынны фонд «Памяць, адказнасьць і будучыня» выключыў прадстаўнікоў Беларусі і Расеі з сваёй апякунскай рады пасьля таго, як папраўкі ў адпаведны закон зацьвердзілі дэпутаты Бундэстагу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выключылі з апякунскай рады нямецкага фонду «Памяць, адказнасьць і будучыня»Новыя нормы закону дазваляюць прыпыніць сяброўства, калі яно супярэчыць мэтам фонду або нясе рэпутацыйныя рызыкі ці рызыкі бясьпекі. У выніку сяброўства РФ і Беларусі спынена прынамсі да жніўня 2028 году.
24 сакавіка 2025 году Менск і Масква выступілі з «рашучым асуджэньнем» намераў нямецкага фонду «Памяць, адказнасьць і будучыня» прыпыніць супрацу зь Беларусьсю і Расеяй.
У сумеснай заяве гаварылася, што «названы фонд ствараўся ў тым ліку пры падтрымцы беларускага і расейскага бакоў у якасьці спэцыялізаванай структуры ў інтарэсах ахвяраў нацызму зь дзяржаваў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, перш за ўсё зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны як найбольш пацярпелых ад фашысцкай акупацыі тэрыторыяў СССР».
Зь верасьня 2023 году Беларусь у апякунскай радзе фонду прадстаўлялі намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка і старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі фонд міру» Максім Місько. Гэта прадугледжана пастановай Савету міністраў № 594 ад 8 верасьня 2023 году.
Цяпер у адпаведным разьдзеле на сайце EVZ адзначаецца, што апякунская рада фонду «прыняла рашэньне часова пазбавіць права прызначэньня і сяброўства ў апякунскай радзе Рэспубліку Беларусь і права прызначэньня Расейскую Фэдэрацыю з 21 сакавіка 2025 году».
У апякунскую раду фонду ўваходзяць прадстаўнікі Нямеччыны, Ізраілю, Польшчы, ЗША, Украіны, Чэхіі, а таксама Ўправы Высокага камісара ААН у справах уцекачоў і Міжнароднай арганізацыі міграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ўсіх дурных вайна пабіла» — гэта пра тое, як нацысты зьнішчалі пацыентаў псыхіятрычных клінікСанкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.