«Прававая ініцыятыва» зьвярнулася ў ААН з заявай аб парушэньні правоў жанчын у беларускіх турмах

Зьняволеныя жанчыны праходзяць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калоніі. Архіўнае фота

Праваабаронцы фіксуюць ўціск і парушэньні правоў жанчын-палітвязьняў.

Беларуская праваабарончая арганізацыя «Прававая ініцыятыва» накіравала ў Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) афіцыйны зварот з патрабаваньнем пачаць расьследаваньне.

Арганізацыя заявіла, што мае доказы таго, што ў беларускіх турмах, калёніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур'ёзныя і сыстэматычныя парушэньні правоў жанчын, у тым ліку катаваньні, зьнявагі і дыскрымінацыя па полавай прыкмеце:

«Гаворка ідзе не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сыстэму рэпрэсій, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжаньне сталі нормай, асабліва ў дачыненьні да жанчын-палітвязняў.

Гэтыя парушэньні падпадаюць пад вызначэньне дыскрымінацыі ў сэнсе артыкулаў 1, 2, 3, 5(a), 7 і 12 Канвэнцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненьні да жанчын, у тым ліку ў інтэрпрэтацыі Камітэта ў Агульных рэкамэндацыях № 19, № 24, № 28 і № 35».

Арганізацыя заявіла, што сабрала «шматлікія сьведчаньні жанчын, якія прайшлі праз ізалятары часовага ўтрыманьня, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, сьледчыя ізалятары і папраўчыя калёніі. У тым ліку дзьве калёніі ў якіх утрымліваюцца толькі жанчыны – ВК № 4 у Гомелі і ВК № 24 у Зарэччы.

Сярод найбольш сурʼёзных парушэнняў, апісаных арганізацыяй :

  • адсутнасьць належных гігіенічных умоў і даступных сродкаў асабістай гігіены,
  • зьневажальныя агляды, ператрусы і адсутнасьць прыватнасьці, уключаючы распрананьне перад мужчынамі-супрацоўнікамі месцаў зьняволеньня,
  • сэксісцкія выказваньні, пагрозы.
  • адмовы ў мэдыцынскай дапамозе і леках, што прыводзіць да сурʼёзных праблем са здароўем, у тым ліку рэпрадуктыўным.

Сытуацыя асабліва пагоршылася пасьля падзеяў 2020 года, піша арганізацыя:

«Масавыя арышты жанчын-актывістак, праваабаронцаў і журналістак працягваюцца: паводле зьвестак на 15 жніўня 2025 года ў Беларусі налічваецца 178 жанчын-палітвязьняў».

Раней «Вясна» сабрала сьведчаньні пра парушэньні правоў жанчын, у тым ліку так званыя «голыя агляды», зь імі можна азнаёміцца тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Голыя шмоны»: былыя зьняволеныя пра прыніжэньне жанчын у няволі