У Белым доме праходзіць сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны. ВІДЭА

У перамовах таксама ўдзельнічаюць кіраўнікі краінаў і арганізацый Эўрапейскага Зьвязу, а таксама прэмʼер Вялікай Брытаніі і генэральны сакратар NATO. Галоўная тэма сустрэчы — спыненьне вайны Расеі супраць Украіны.

Візыт адбываецца праз тры дні пасьля саміту Трампа з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным на Алясцы.

Ад сёньняшней сустрэчы чакаюць лёсавызначальных рашэньняў у дасягненьні міру ва Ўкраіне. Для Зяленскага гэта ўжо шосты прыезд у Белы дом з 2021 году.

Акрамя Трампа і Зяленскага ў сустрэчы бяруць удзел

  • Урзуля фон дэр Ляен — кіраўніца Эўрапейскай камісіі,
  • Джорджа Мэлёні — прэмʼер-міністар Італіі,
  • Кір Стармэр — прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі,
  • Эманюэль Макрон — прэзыдэнт Францыі,
  • Фрыдрых Мэрц — канцлер Нямеччыны,
  • Аляксандар Стуб — прэзыдэнт Фінляндыі,
  • Марк Рутэ — генэральны сакратар NATO.

Яны зьбіраюцца супольна выступіць у падтрымку пазыцый Украіны. Гэта беспрэцэдэнтнае прадстаўніцтва ў Белым доме.

Жывы эфір, прысьвечаны перамовам, вядуць «Настоящее время» (люстэрка) і Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Перад афіцыйнай сустрэчай Трамп і Зяленскі адказалі на пытаньні прэсы.

Дональд Трамп заявіў, што бачыць магчымасьць для дасягненьня міру і сказаў, што Пуцін хоча, каб вайна скончылася. Амэрыканскі прэзыдэнт пацьвердзіў, што ЗША гатовыя даць Украіне «добрую абарону і гарантыі», але ў NATO Ўкраіна ня ўвойдзе. Ён адзначыў, што мір павінен быць ня толькі справядлівым, але і доўгатэрміновым. Прычым для падпісаньня мірнай дамовы не абавязкова папярэдне спыняць агонь, дадаў Трамп.

На пытаньне пра ўвядзеньне міратворцаў ЗША ва Ўкраіну Дональд Трамп указаў на істотны ўдзел Эўропы ў гарантаваньні бясьпекі Ўкраіны, бо «у іх будзе першая лінія абароны». Ён дадаў, што гэтая вайна аказалася «вельмі складанай», хоць ён і спадзяваўся, што яна будзе самай лёгкай з 6 канфліктаў, якія ён, па яго словах, спыніў.

Дональд Трамп пацьвердзіў, што яго жонка Мэланія напісала ліст Уладзіміру Пуціну, у якім узьняла тэму дэпартаваных украінскіх дзяцей. У адказ Зяленскі перадаў для Мэланіі Трамп ліст з падзякай ад сваёй жонкі Алены Зяленскай.

Уладзімір Зяленскі таксама падзякаваў Трампу за яго намаганьні па спыненьні забойстваў, а таксама выказаў удзячнасьць яго жонцы Мэланіі за яе ліст Пуціну пра дэпартаваных украінскіх дзяцей.

Зяленскі пацьвердзіў гатоўнасьць правесьці прэзыдэнцкія выбары ў краіне адразу пасьля заканчэньня ваеннага становішча.

Групавое фота палітычных лідэраў, якія бяруць удзел у перамовах наконт міру ва Ўкраіне ў Белым доме.

Прэс-брыфінг: гарантыі бясьпекі, спыненьне агню, саміт, палонныя

Трамп, Зяленскі і лідэры краінаў Эўразьвязу выказалі свае пазыцыі перад пачаткам сумесных перамоваў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў гэты саміт гістарычным, адзначыўшы, што «з 1889 году, здаецца, мы ня мелі столькі кіраўнікоў дзяржаў у адным месцы». Такім чынам ён, верагодна, правёў паралель зь Першай Панамэрыканскай канфэрэнцыяй, на якой сабраліся кіраўнікі 17 амэрыканскіх краін.

Падчас прэс-брыфінгу ўдзельнікі агучылі свае пазыцыі па асноўных пытаньнях.

Гарантыі бясьпекі

Усе лідэры пагадзіліся, што ключавым пытаньнем зьяўляюцца гарантыі бясьпекі. Прадстаўнікі Эўразьвязу казалі пра мадэль артыкула 5 статуту NATO як спосаб перадухіліць будучыя канфлікты.

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон адзначыў, што сыстэма гарантый бясьпекі павінна быць шматузроўневай:

«Па-першае, Украіна павінна мець моцнае войска на дзесяцігодзьдзі наперад. Па-другое, мы самі мусім зрабіць унёсак. Эўропа ўсьведамляе сваю адказнасьць, але прапановы ЗША наконт уласных абавязкаў кардынальна зьмяняюць сытуацыю».

Макрон дадаў, што адной з гарантый павінна стаць «магутнае ўкраінскае войска на дзесяцігодзьдзі наперад».

Спыненьне агню

Тут меркаваньні разышліся. Прадстаўнікі ЭЗ казалі пра патрэбу хуткага спыненьня агню. Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заклікаў ціснуць на Расею, каб дамагчыся перамір’я яшчэ да наступнай трохбаковай сустрэчы.

Мэрц падкрэсьліў, што без спыненьня агню далейшыя перамовы губляюць сэнс:

«Без перамір’я будзе падарвана давер да ўсіх нашых намаганьняў. Трохбаковы фармат Украіна–Расея–ЗША цяжка ўявіць без гэтага кроку. Расею трэба прымушаць рухацца ў гэтым напрамку».

Трамп жа ў адказ заявіў, што ў шасьці войнах, якія ён спыняў, перамірʼя не было.

Трохбаковы саміт

Дональд Трамп заявіў, што сустрэча з Уладзімірам Пуціным непазбежная. Ён пацьвердзіў, што пытаньне стаіць «калі», а не «ці адбудзецца» такая сустрэча, і выказаў меркаваньне, што Пуцін пагодзіцца на заходнія гарантыі бясьпекі для Ўкраіны.

Лёс палонных

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падняў пытаньне аб вызваленьні каля тысячы палонных. Трамп адказаў, што абмяркуе гэта з Пуціным.

Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб правёў гістарычную паралель з досьведам сваёй краіны ў адносінах з Расеяй.

«Фінляндыя мае ўласны досьвед вайны з Расіяй. У рэшце рэшт, мы знайшлі шлях да трывалага міру. Я ўпэўнены, што тое ж самае можна знайсьці і для Украіны».

Усе ўдзельнікі сышліся на думцы, што «каманда Эўропы і каманда Злучаных Штатаў» павінны працаваць разам для дасягненьня моцнага і працяглага міру.

Сустрэча Трампа і Зяленскага з эўрапейскімі палітычнымі лідэрамі наконт міру ва Ўкраіне

Грамадзкасьці дагэтуль дакладна не вядома, якімі канкрэтнымі прапановамі абмяняліся Пуцін і Трамп 15 жніўня.

Але прэзыдэнт ЗША заявіў пра магчымае правядзеньне трохбаковага саміту з Пуціным і Зяленскім ужо 22 жніўня. Ён заявіў, што Пуцін хоча не перамірʼя, а ўсёабдымнай мірнай дамовы.

Раней ён даў зразумець, што Ўкраіне давядзецца ахвяраваць тэрыторыямі і жаданьнем уступіць у NATO ў абмен на мір і гарантыі бясьпекі. Паводле спэцпасланьніка ЗША Стыва Віткафа, Пуцін патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з Данбасу.

Зяленскі на гэта сказаў, што Канстытуцыя Ўкраіны забараняе адмаўляцца ад тэрыторыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да эўрапейскіх лідэраў зь лістом пра беларускае пытаньне ў часе перамоваў па Ўкраіне

Напярэдадні Зяленскі сустрэўся з так званай «кааліцыяй ахвотных» — групай з больш як 30 краінаў, што падпісваюць двухбаковыя дамовы аб бясьпецы з Украінай і абяцаюць працяглую падтрымку, у тым ліку ў выпадку новых атак з боку Масквы.

Двухбаковая сустрэча Трампа і Зяленскага заплянаваная на 20:15 менскага часу. Шматбаковая з удзелам эўрапейскіх лідэраў — на 22:00.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прадуктыўная сустрэча, але ўгоды пакуль няма». На Алясцы прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі. ВІДЭА

Перамовы ў Вашынгтоне адбываюцца на фоне новых масаваных удараў Расеі па Ўкраіне.

  • У Харкаве загінулі сямёра чалавек, у тым ліку дзіця паўтара году.
  • У Запарожжы загінулі трое і каля дваццаці параненыя.
  • Удар быў нанесены і па энэргаабʼекце ў Адэсе, які належыць азэрбайджанскай дзяржаўнай кампаніі, што Зяленскі назваў ударам па міжнародных адносінах і энэргабясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, нас аддадуць». Жыхары Краматорска і Славянска — пра сваё жыцьцё пасьля сустрэчы Трампа і Пуціна на Алясцы