Навіны палітвязьняў: асуджаны на 13 гадоў сьвятар знаходзіцца ў СІЗА ў Гомлі

Анджэй Юхневіч

На 19 жніўня ў Беларусі былі як мінімум 1183 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю. Рэальна зьняволеных з палітычных матываў у краіне можа быць больш.

Каталіцкі сьвятар, былы пробашч касьцёла ў Шуміліне Віцебскай вобласьці айцец Анджэй Юхневіч знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гомля.

Як паведаміла выданьне Katolik.life, дагэтуль невядома, у якую калёнію яго накіруюць.

Паводле выданьня, пасьля суду, які яго пакараў 13 гадамі зьняволеньня, Анджэя Юхневіча трымалі ў СІЗА Віцебску. Адтуль пасьля таго, як Віцебскі абласны суд адмовіў сьвятару ў зьмене выраку на падставе апэляцыі, яго мусілі этапаваць у калёнію.

«Але, як даведаліся вернікі, сьвятар апынуўся ў СІЗА Гомля. Прынамсі, у першай палове жніўня ён знаходзіўся там. Айца Анджэя маглі даставіць у Гомель пры этапаваньні ў калёнію — гэты працэс надзвычай складаны для асуджанага і можа займаць некалькі тыдняў. Дастаўленьне ў Гомель можа сьведчыць, што сьвятара накіравалі ў калёнію № 20 у Мазыры. І ў СІЗА, і ў калёніі адмаўляюцца паведамляць праз тэлефон якую-небудзь інфармацыю на гэты конт», — адзначыла выданьне.

Сьвятара затрымалі 8 траўня 2024 году, суд над ім адбыўся амаль праз год, у красавіку 2025 году ў Шуміліне. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У чым канкрэтна абвінавацілі сьвятара, якога першапачаткова затрымлівалі з «палітычных» матываў, — дакладна невядома. З судовага раскладу вынікала, што яму інкрымінавалі тры крымінальныя артыкулы, якія тычацца полавых зносінаў зь непаўналетнімі.

Паводле зьвестак, якія дайшлі да крыніцаў выданьня Katolik.life, у справе ксяндза ідзецца пра падзеі 10-гадовай даўніны. Юхневіча асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня. Працэс тады вяла старшыня суду Шумілінскага раёну Іна Грабоўская.

Вядома, што Анджэй Юхневіч не прызнаваў ніякай віны, вернікі лічаць, што справа супраць яго сфабрыкаваная.

Юхневіч стаў другім каталіцкім сьвятаром у Беларусі, якога асудзілі апошнім часам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вырак ксяндзу Юхневічу пакінулі бязь зьменаў, яго чакае этап у калёнію