110 даляраў за квіток да Вільні, содні ў чэргах па дарозе ў Варшаву. Што адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам

Польска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

Беларусам усё складаней трапіць у суседнія эўрапейскія краіны. Да візавых праблемаў дадаліся транспартныя.

15 жніўня стала вядома пра намер уладаў Літвы абмежаваць колькасьць аўтобусных рэйсаў паміж Менскам і Вільняй. Першым пра гэта паведаміў літоўскі міжнародны перавозьнік Eurolines, пасьля пра скарачэньні аўтобусных маршрутаў заявілі і беларускія транспартныя кампаніі. Некалькі дзён было не зусім зразумела, на які пэрыяд скасаваныя рэйсы, але ўрэшце літоўскія ўлады патлумачылі, што ліцэнзіяў не адновяць. Зараз паміж Менскам і Вільняй засталося толькі каля дзесяці рэйсаў штодня (колькасьць залежыць ад дня тыдня). Пры гэтым частка зь іх транзытныя, у Коўна і Рыгу.

Цэны на квіткі моцна вагаюцца. Раніцай 19 жніўня на старонцы сэрвісу infobus.by можна было знайсьці прапанову за 327 рублёў (каля 90 эўра, 110 даляраў. — РС), аднак гэта хутчэй вынятак. Квіткі на бліжэйшыя два тыдні пераважна выкупленыя, сярэдняя іх цана на верасень складае каля 250 рублёў у залежнасьці ад часу выезду зь Менску. Больш-меньш свабодна квіток можна выбраць, калі набываць яго за месяц. Тады знаходзяцца білеты і за 190 рублёў.

Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі перавозьнік Eurolines вызначыў стандартную цану на ўсе рэйсы — 83 эўра. Вольныя месцы ёсьць на пачатак верасьня. Кампанія зараз возіць у Менск тройчы на дзень. Ecolines мае 3-4 рэйсы на дзень, кошты на квіткі ў гэтай кампаніі складаюць каля 75 эўра. Можна знайсьці і прыватных перавозьнікаў, якія прапаноўваюць свае паслугі ў памежных чатах. Там кошты вагаюцца ад 50 да 150 эўра.

Беларускія перавозьнікі, якія вазілі людзей у Літву з Гомля, Магілёва і Барысава, скасоўваюць рэйсы. У дзейным раскладзе іх ужо няма. Альтэрнатывай выезду зь Менску застаецца Горадня: кампанія Atlasbus прапануе даезд да літоўскай сталіцы за 200 рублёў. 19 жніўня квіткі можна было набыць толькі на верасень.

«Гэта нейкі космас, вядома, — кажа ў размове з Свабодай Марыя (імя зьмененае з прычынаў бясьпекі. — РС). — Што стала менш рэйсаў, яшчэ не праблема. Паездкі ў Літву і далей у Эўразьвяз я і так плянавала загадзя, таму проста буду набываць квіткі раней. Але цэны моцна вырасьлі. Яны і раней былі немалымі, а зараз увогуле».

Пасьля абмежаваньня колькасьці аўтобусных рэйсаў паміж Менскам і Вільняй цэны на квіткі ў сярэднім вырасьлі на 40-50 рублёў. Яшчэ ў ліпені паміж сталіцамі можна было праехаць на аўтобусе за 160 рублёў. Літоўскія перавозьнікі прапаноўвалі квіткі за 55-60 эўра.

Чакаць на мяжы, нягледзячы на скарачэньне колькасьці рэйсаў, трэба па-ранейшаму доўга. Залежна ад дня тыдня аўтобусы спазьняюцца на 3-5 гадзінаў. Лепшая сытуацыя ў пункце пропуску Беняконі, які перасякаюць аўтобусы з Горадні. Яны прыбываюць збольшага паводле раскладу.

Пяць дзён чаканьня

За апошні тыдзень праблемаў паболела ня толькі зь перасячэньнем беларуска-літоўскай мяжы. Вырасьлі чэргі і на беларуска-польскай. Раніцай 19 жніўня ў чарзе на памежным пераходзе Берасьце — Тарэспаль чакалі 4600 легкавых аўтамабіляў і 140 аўтобусаў. Цэны на аўтобусныя квіткі зь Менску ў Варшаву пачынаюцца ад 150 рублёў (40 эўра), але чакаць у чарзе на мяжы можна нават некалькі содняў. У такой сытуацыі шмат хто абірае ўласны аўтатранспарт. Тады можна зарэгістравацца ў электроннай чарзе і чакаць выкліку. Каб хутчэй трапіць у Эўразьвяз, людзі за грошы падсаджваюць у машыну льготнікаў. З тымі, хто спрабуе прайсьці без чаргі з абодвух бакоў мяжы, змагаюцца з дапамогай памежнікаў, польскай паліцыі і арганізаваных дзяжурстваў.

Беларуска Паліна* (імя суразмоўцы зьмененае дзеля ейнай бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, як ехала зь Беларусі ў Польшчу ў апошні тыдзень, калі ўжо сабраліся вялікія чэргі. Паліна ехала аўтамабілем празь пераход у Берасьці. Перад ёю сабрался чарга прыкладна з 2500 машын. Час чаканьня на мяжы склаў пяць содняў. Дарога разам зь перасячэньнем мяжы заняла больш за содні.

Чарга зь легкавікоў на польска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Паліна жыве ня ў Берасьці. Заняць чаргу можна толькі фізычна, разам з аўтамабілем, онлайн гэта не працуе. Потым на мяжы чакаць ня трэба, можна вярнуцца дадому і прыехаць толькі тады, калі наблізіцца чарга. Праблема ў тым, што ёй вяртацца дадому трэба некалькі гадзін. Тым, хто жыве ня ў Берасьці, гэта нязручна. Некаторыя здымаюць на час чаканьня гатэль побач з памежным пераходам. Таму рэальнай чаргі з машын на мяжы не відаць.

Як набліжаецца чарга, можна адсочваць праз адмысловы сайт, дзеліцца суразмоўца. Ёсьць паслуга апавяшчэньня зь мяжы, калі чарга наблізіцца. Паліна расказала, што ейны знаёмы з Горадні пісаў зварот у Памежны камітэт, каб гарадзенцам дазволілі станавіцца ў чаргу на пераходзе ў Брузгах, які закрыты для пераходу мяжы, але ўсё ж працягвае працаваць.

«Чаму нельга гарадзенцам у Горадні (маецца на ўвазе на пераходзе ў Брузгах побач з Горадняй. — РС) стаць у чаргу? Гэта ж адна сыстэма. Не дазволілі. А калі чалавек з Магілёва?.. Ты ня можаш выехаць, калі табе трэба заўтра», — кажа суразмоўца.

Паводле яе назіраньняў, на самой мяжы няма нейкай заканамернасьці — ці хутчэй прапускаюць праз «чырвоны» (з дэклярацыяй багажу), ці празь «зялёны» (без дэклярацыі) калідор. Залежыць ад таго, колькі там зьбярэцца машын.

Паліна везла зь Беларусі шмат рэчаў. Але, зь ейных словаў, беларускі мытнік толькі спытаў, ці надоўга яна едзе з такім багажом, і больш нічога не ўдакладняў.

Італьянскі страйк

Доўгі час на мяжы нічога не адбываецца, трэба проста чакаць, апавядае суразмоўца.

«Мы прайшлі (беларускую частку мяжы. — РС). Выяжджаем на нэўтральную паласу. Яна выглядае як мост. Тут шмат усялякіх спрэчак. Гэты мост забіваюць аўтобусамі, і машыны яго праехаць ня могуць. Гэтым разам польскія памежнікі выклікалі нас, каб мы маглі аб’ехаць аўтобус. Вельмі часта не выклікаюць, а ты стаіш у чарзе, пакуль не праедуць аўтобусы. Нават калі на польскім памежным пераходзе пуста, ты ня можаш аб’ехаць без дазволу памежнікаў», — расказвае Паліна.

Паводле яе, некалькі гадзін яны чакалі, толькі каб заехаць на мост. Іх не выпускаў беларускі бок, бо не было куды выехаць — «усё было забіта машынамі».

Шыльда на літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

На польскім баку, зь ейных словаў, супрацоўнікі апошнім часам вельмі павольна працуюць. З словаў суразмоўцы, раней сёлета яны працавалі хутчэй.

«На ўчастак афармленьня яны запускаюць па 4–6 машын. Я не магу сказаць, што яны ходзяць-кураць, п’юць каву, размаўляюць. Я гэтага ня бачыла. Але гэта ўсё адно адбываецца страшна павольна. Не разумею, як чатыры машыны так доўга можна афармляць. Яны нікуды не сьпяшаюцца. Гэта італьянскі страйк. Ня тое што яны табе дэманструюць нешта. Яны працуюць, але павольна», — расказвае суразмоўца.

Пры гэтым беларуска адзначыла, што нэгатыўнага стаўленьня да сябе яна не адчувала, нават наадварот. У той жа час заўважыла, што супрацоўнікі службаў з абодвух бакоў мяжы раздражнёна сябе паводзяць з арабамі, якія кепска ведаюць і польскую, і расейскую мовы. Польскія памежнікі заўсёды пытаюцца, куды ты едзеш і навошта. Агулам на мяжы Паліна правяла 8 гадзін.

«Мы прайшлі польскіх памежнікаў, потым мытнікаў, якія правяраюць усё, што ты вязеш. Ты думаеш, што ты ўжо вольны. А яны мне кажуць: „Пані, вам на рэнтген“. Тут пачынаецца кашмар. Ты восем гадзін адстаяў, а цябе адпраўляюць на рэнтген разам зь дзецьмі», — успамінае яна.

Паліна кажа, што яе пусьцілі на рэнтген праз паўгадзіны. Разам зь ёю чакаў чалавек, якія расказаў ёй, што аднойчы чакаў рэнтгену чатыры гадзіны. Але не таму, што перад ім была чарга, яго проста не пускалі — невядома чаму.

Яна мяркуе, што чэргі на мяжы вырасьлі ня толькі праз штучнае запаволеньне працы памежнікаў, але і праз тое, што людзі перад пачаткам навучальнага году часьцей езьдзяць, у тым ліку забіраюць дзяцей, якія праводзілі лета ў бабуляў і дзядуляў.

«На мяжы сапраўды шмат дзяцей. Цяпер бацькі паехалі, каб падрыхтаваць іх да школы», — мяркуе суразмоўца.

Да таго ж, паводле яе, беларускія «дальнабойнікі» вяртаюцца на працу ў Эўропу ў гэты ж пэрыяд.

Сёлета Паліна пераяжджала мяжу некалькі разоў. Яна ні разу не заўважыла «людзей у цывільным» на пераходзе. У ранейшыя гады яна бачыла, як тыя забіраюць людзей на размову.

«Калі ты едзеш зь Беларусі ў Польшчу, павольна працуюць палякі. Калі едзеш з Польшчы ў Беларусь, павольна працуюць беларусы. Гэта маніфэст і з аднаго, і другога боку. І адной, і другой краіне ўсё адно, хто выяжджае, але ня ўсё роўна, хто ўяжджае», — падсумоўвае яна.

Бізнэс на дзецях і людзях з інваліднасьцю

У «памежных» чатах рэгулярна прапануюць перавезьці зь Беларусі ў ЭЗ людзей з польскім грамадзянствам, інваліднасьцю або дзяцей да трох гадоў. Гэтыя групы людзей маюць права праходзіць мяжу без чаргі. Суразмоўцы Свабоды расказваюць, што часам за такую «падсадку» пасажыраў правозяць бясплатна ў Польшчу або і плацяць за гэтую паслугу.

Паліна адзначае, што малых дзяцей і людзей з інваліднасьцю на мяжы шмат, яны заўважныя.

«Людзі сядаюць у машыну з малым дзіцём, праходзяць беларускую мяжу без чаргі. Потым іх выпускаюць на мост. І далей да палякаў яны ня едуць. Яны выходзяць з машыны, пераходзяць на другі бок і просяцца на падсадку да людзей, каб вярнуцца ў Беларусь», — апісвае схему суразмоўца.

Кажа, што ў апошнюю паездку іх абагнаў аўтамабіль. Калі яны перапыталі, зь якой прычыны, кіроўца адказаў, што вязе чалавека з інваліднасьцю.

«Мы мінулым разам бачылі аднаго інваліда. Гэта быў вельмі няшчасны чалавек. Сьпёка. Ён вельмі кепска выглядаў. У яго нешта з апорна-рухальным апаратам. І мы бачылі тату з малым дзіцём, якое спала ў яго на плячы. Гэта частая практыка. Гэта відаць, гэта ня байкі. І гэта жахлівая сытуацыя. Няхай сабе дарослыя — спадзяюся, яны самі вырашаюць. Але малыя дзеці, якіх валакуць, як валізку… Па-мойму, нельга так рабіць», — падсумоўвае яна.

Суразмоўца расказвае, што ёсьць групы ў сацыяльных сетках, дзе шукаюць такіх спадарожнікаў-ільготнікаў. Ейныя знаёмыя карысталіся такой паслугай, калі ім трэба было пасьпець на самалёт на сьвяты, калі мяжа асабліва загружаная.

«Ёсьць групы. Яны шукалі. Сотню даляраў просяць за гэта. Гэта бізнэс», — кажа яна.

Паводле яе, расцэнкі адрозьнівацца залежна ад пэрыяду. Калі чарга расьце, вырастае і сума.

Літоўска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

У «памежных» чатах пішуць, што пасьля публікацыяў пра бізнэс на інвалідах і малых дзецях беларусы сталі скардзіцца ў памежны камітэт на такіх ільготнікаў. Польскія памежнікі сталі дзяжурыць на Варшаўскім мосьце і забараняюць высаджвацца ў нэўтральнай зоне.

«Цяпер толькі ў Польшчу. На мосьце (нэўтральная зона на мяжы. — РС) ільготніка высадзіць ня ўдасца. Дзяжураць памежнікі і на мосьце не дазваляюць выходзіць. У льготніка няма візы — разварочваюць назад», — піша адзін з удзельнікаў «памежнага» чату.

Паліна кажа, што яна асьцерагаецца браць выпадковых спадарожнікаў на падсадку. Але некалькі разоў усё ж рызыкавала і пагаджалася. Кажа, усё было нармальна. Людзі самі прапаноўвалі грошы за праезд: у адным выпадку 100 польскіх злотых (23 эўра), у другім — 50 беларускіх рублёў. Яна раней чула, як чалавек прапаноўваў 20 эўра за праезд, калі была невялікая чарга.

«Мы бралі, бо на мяжы ўвялі незразумелыя зборы: плата за перасячэньне мяжы, за рэгістрацыю ў зоне чаканьня. Агулам выходзіць нармальная сума. На роўным месцы каля 50 рублёў. Каб кампэнсаваць гэтыя выдаткі, мы бралі гэтую плату за праезд», — кажа яна.

Суразмоўца расказала, як у адну з папярэдніх паездак з Польшчы ў Беларусь да яе падышла жанчына і прасіла памяняцца чаргой. Зь словаў Паліны, тая прапанавала спачатку сто эўра, потым дзьвесьце. Аднак беларуска не пагадзілася. Потым Паліна бачыла, што гэтая спадарожніца заяжджала на мяжу адначасова зь ёю на машыне з нямецкімі нумарамі. Мяркуе, што тая знайшла кагосьці, хто вырашыў так зарабіць.

«Толікі»

На думку суразмоўцы, беларускі бок хаця б часткова вырашыў пытаньне чаргі праз рэгістрацыю ў зоне чаканьня. Памяняцца там машынамі немагчыма. А вось з польскага боку такія замены магчымыя, бо там стаіць фізычная чарга аўтамабіляў. Да таго ж людзі ўкліньваюцца ў чаргу.

«Ёсьць людзі, якія ў мясцовых чатах называюцца „Толікі“, — гэта тыя, хто зарабляе на кантрабандзе, цыгарэтах, на таварах, што возяць з Польшчы. Яны ўкліньваюцца ў чаргу. У чарзе ёсьць пара разрываў, прыкладам, кола. Паводле правілаў руху ты ня можаш выехаць на кола, бо чакаеш, калі там вызваліцца месца. А гэтыя людзі аб’яжджаюць кола і ўкліньваюцца ў чаргу. І ты ня можаш ім перашкодзіць», — тлумачыць яна.

З словаў суразмоўцы, людзі пэрыядычна самі дзяжураць у такіх месцах, выходзяць на дарогу і кантралююць, каб ніхто збоку не станавіўся без чаргі. Да таго ж за гэтым сочыць паліцыя і дапамагае вырашаць канфліктныя сытуацыі.

Паліна расказала, што адна з падарожніц прайшла больш за два кілямэтры аўтамабіляў на мяжы, перапісала ўсе нумары і перадала сьпіс паліцыянту. Той правяраў аўтамабілі па гэтым сьпісе. Яна бачыла, што некаторыя людзі дзякавалі, што нехта парадкуе працэс, і нават частавалі жанчыну, іншыя абураліся, хтосьці прасіў унесьці дадатковыя нумары аўта, якія нібыта ад’ехалі ў прыбіральню.

«Калі нумару няма ў сьпісе — значыць, ён уклініўся. Тады мы сапраўды хутчэй праходзім», — кажа яна.