МЗС Беларусі ўвяло асабісты запіс на апастыль, запісацца анлайн нельга

Ілюстрацыйнае фота.

Галоўнае консульскае ўпраўленьне Міністэрства замежных спраў Беларусі часова адмяніла жывую чаргу на падачу дакумэнтаў на апастыль з 19 жніўня, паведамляецца на сайце ведамства.

Папярэдні запіс заведзены «ў сувязі зь вялікай колькасьцю зваротаў для ажыцьцяўленьня працэдуры прастаўленьня апастылю / легалізацыі афіцыйных дакумэнтаў».

Раней гэтую працэдуру можна было зрабіць па жывой чарзе.

Журнал запісу на прыём знаходзіцца ў Галоўным консульскім упраўленьні МЗС (Менск, вул. Карла Маркса, 37а). Запіс на прыём вядзецца там жа па працоўных днях (акрамя серады) з 09:00 да 10:00 (ня больш за 50 чалавек або 120 дакумэнтаў у дзень). Запіс па тэлефоне ці электроннай пошце ня робіцца.

Непасрэдная падача дакумэнтаў, гаворыцца ў паведамленьні, робіцца ўладальнікам дакумэнтаў або па даверанасьці ад уладальніка дакумэнтаў, аформленай ва ўстаноўленым парадку.

Адна з умоў легалізацыі / стаўленьня апастылю на дакумэнце — наяўнасьць на ім пячаткі афіцыйнага органу з выявай дзяржаўнага герба. Не падлягаюць легалізацыі лямінаваныя дакумэты, на іх таксама ня можа быць пастаўлены апастыль.

Акрамя таго, паводле паведамленьня, апастыль ня ставіцца на арыгіналах наступных дакумэнтаў: пашпарты; ідэнтыфікацыйнай карты; вадзіцельскага пасьведчаньні; тэхнічныя пашпарты; пасьведчаньні аб рэгістрацыі прадпрыемстваў, ІП, нерухомасьці; працоўныя кніжкі; вайсковыя білеты; пасьведчаньні, уключаючы пасьведчаньні аб прысваеньні кваліфікацыі (ступені).

  • Раней шырокі грамадзкі рэзананс выклікала некарэктна пададзеная інфармацыя аб патрабаваньні Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы не прымаць у беларусаў у рамках працэдур легалізацыі дакумэнты савецкага ўзору без апастылю.
  • МУСіА гэтую інфармацыю па сутнасьці абвергла. Ведамства адзначыла, што беларускія дакумэнты савецкага ўзору «павінны ацэньвацца гэтак жа, як і раней, і апастыль не павінен запытвацца ў кожным выпадку (кіраўнік ЗАГСу павінен ацэньваць пададзены яму дакумэнт у кантэксьце праведзенай працэдуры)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Польшчы не забараняла мясцовым органам прымаць у беларусаў дакумэнты савецкага ўзору без апастылю — СМІ