Карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода Расьціслаў Хоцін аналізуе асноўныя моманты перамоваў і рашэньняў, а таксама цікавыя моманты, якія суправаджалі гэтую беспрэцэдэнтную падзею ў Вашынгтоне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарантыі бясьпекі, спыненьне агню, саміт, палонныя. У Белым доме прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны. ВІДЭА«Прарыў» з гарантыямі?
У прамовах у Белым доме часьцей за ўсё гучаў выраз «гарантыі бясьпекі».
І тут ёсьць некалькі новых момантаў. Па-першае, раней пра гарантыі бясьпекі гаварылі толькі эўрапейцы.
Цяпер гарантыі бясьпекі могуць надаваць і Злучаныя Штаты, хоць прэзыдэнт Дональд Трамп раней выключаў такую магчымасьць.
«Тое, што вы пагадзіліся надаць гарантыі бясьпекі, — гэта вялікі крок, гэта прарыў», — сказаў генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, зьвяртаючыся да Трампа.
«Гэта вялікі крок наперад. Я ня ведаю, як гэта будзе выглядаць канкрэтна, але важна, што ёсьць палітычная воля», — сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля перамоваў пра гатоўнасьць Вашынгтону даць Украіне гарантыі бясьпекі.
Дональд Трамп з Уладзімірам Зяленскім
Біл Браўдэр, вядомы міжнародны фінансіст, старшыня Hermitage Capital Management, заявіў BBC:
«Адзіная рэальная гарантыя бясьпекі — гэта калі гарантам бясьпекі будуць ЗША. Гэта ня тое, што Дональд Трамп і Дж. Д. Вэнс казалі раней. Але сытуацыя можа мяняцца ў апошнія два дні».
Вядучая міжнародная бізнэс-газэта Financial Times напісала, што Ўкраіна паабяцае купіць у ЗША зброю на 100 мільярдаў даляраў, якую прафінансуе Эўропа, каб ЗША далі Ўкраіне гарантыі бясьпекі пасьля дасягненьня мірнай угоды з Расеяй.
Як напісала газэта, часткаю гэтага пагадненьня таксама будзе 50 мільярдаў даляраў, вылучаных на сумесны выраб бесьпілётнікаў ЗША і Украінай. Як заявіў Зяленскі пасьля перамоваў, ЗША будуць купляць украінскія дроны.
Многія таксама кажуць, што адміністрацыя Трампа выключае сяброўства Ўкраіны ў NATO, але цяпер затое гавораць пра гарантыі бясьпекі ў стылі артыкула 5 Хартыі NATO. Ён прадугледжвае прынцып «напад на аднаго — напад на ўсіх».
Дональд Трамп і кіраўніца ўраду Італіі Джорджа Мэлёні
Ідэю гарантыяў бясьпекі, аналягічных 5-му артыкулу, прапанавала прэм’ер-міністарка Італіі Джорджа Мэлёні. Але не зусім зразумела, што менавіта прадугледжвае гэты падыход — ці гэта значыць, што ў разе новага нападу Расеі на Ўкраіну ў будучыні гаранты бясьпекі будуць успрымаць гэта як напад на іх і ці будуць яны ўспамагаць і абараняць Украіну?
Кантынгент як гарантыя бясьпекі
І прэзыдэнт Зяленскі, і іншыя лідэры заяўлялі ў Вашынгтоне, што найбольшай гарантыяй бясьпекі Ўкраіны ёсьць яе Ўзброеныя сілы і што менавіта яны маюць быць магутнымі, належна ўзброенымі і навучанымі, а таксама добра фінансавацца.
Такім чынам не прымаецца настойваньне Расеі на нейкай «дэмілітарызацыі» Ўкраіны, гэта значыць на якіх-хаця абмежаваньнях колькасьці і ўзроўню узбраеньня Ўзброеных сілаў Украіны.
Міністар абароны Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль заявіў 18 жніўня ў Кіеве, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны нават пасьля вайны ня будуць радыкальна скарочаныя, а застануцца на ўзроўні ад 800 000 да 1 мільёна чалавек.
Прэзыдэнты Макрон, Зяленскі і Трамп
Яшчэ цікавы момант — на Алясцы стала зразумела, што і Расея прызнае патрэбу наданьня гарантыяў Украіне.
Але Масква катэгарычна супраць прысутнасьці на тэрыторыі Ўкраіны войскаў NATO, што таксама разглядаецца як своеасаблівая гарантыя бясьпекі з боку «Кааліцыі ахвочых» на чале зь Вялікай Брытаніяй і Францыяй.
«Мы пацьвярджаем пазыцыю, агучаную неаднаразова, наконт нашага катэгарычнага непрыняцьця ўсякага сцэнару, які прадугледжвае зьяўленьне ва Ўкраіне вайсковага кантынгенту з удзелам краін NATO, што зьвязана зь некантраляванай эскаляцыяй канфлікту зь непрадказальнымі наступствамі», — гаворыцца ў заяве МЗС Расеі, апублікаванай 18 жніўня.
Але Ўкраіна і яе эўрапейскія партнэры выступаюць за разьмяшчэньне міратворчага кантынгенту ва Ўкраіне пасьля дасягненьня міру. Колькасьць такіх войскаў ацэньваецца ў 20–30 тысяч, і, паводле Зяленскага, у «Кааліцыі ахвочых» будуць удзельнічаць 30 краін — па-рознаму, ня толькі войскамі.
Ідзецца пра магчымае разгортваньне войскаў краін NATO на захадзе Ўкраіны, а таксама пра дапамогу ў патруляваньні паветранай прасторы і ахове морскіх партоў. Гэты кантынгент меў бы таксама дапамагчы ў аднаўленьні і навучаньні ўкраінскай арміі.
«Мы павінны дапамагчы Ўкраіне, адправіўшы войскі, каб у будучыні не было ўварваньня з боку Расеі», — заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон пасьля перамоваў.
Вялікая Брытанія і Францыя вядуць рэй у гэтай ініцыятыве, таксама гатовыя ўдзельнічаць некаторыя іншыя краіны — у прыватнасьці, скандынаўскія і балтыйскія. Нямеччына і Італія на гэты момант ня бачаць сваіх войскаў ва Ўкраіне.
Але вось нечаканы паварот — неназваная крыніца ў адміністрацыі Трампа паведаміла выданьню Axios, што не выключаецца і прысутнасьць амэрыканскіх вайскоўцаў у складзе такога кантынгенту, хоць прэзыдэнт Трамп раней не дапускаў такой магчымасьці.
Ці можна ад перамір’я пераскочыць да міру?
Прэзыдэнт Трамп некалькі разоў заявіў на пачатку сустрэчы зь Зяленскім у Авальным кабінэце, што ня бачыць патрэбы ў перамір’і і што можна адразу дасягнуць мірнага пагадненьня.
Варта нагадаць, што раней прэзыдэнт Трамп — з моманту свайго другога прыходу ў Белы дом — шэсьць разоў ставіў ультыматумы расейскаму кіраўніку Ўладзіміру Пуціну, каб той пагадзіўся на спыненьне агню, і штораз гэты крайні тэрмін адсоўваўся і адсоўваўся...
Цяпер Трамп больш ня бачыць патрэбы ў спыненьні агню — асабліва пасьля Аляскі, дзе яму не ўдалося дасягнуць такога спыненьня агню з Пуціным, хоць такую надзею ён меў.
«Я ня думаю, што будзе спыненьне агню. Мы можам дасягнуць угоды, у якой мы будзем імкнуцца да міру, пакуль яны ваююць», — сказаў Трамп.
Ён таксама нагадаў, што, паводле яго, у шасьці канфліктах, якім ён паклаў канец, не было спыненьня агню, а адразу мір.
Пад гэтымі ўлагоджанымі канфліктамі прэзыдэнт ЗША, імаверна, меў на ўвазе мірнае пагадненьне паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, войны паміж Ізраілем і ХАМАС (радыкальная групоўка, прызнаная тэрарыстычнаю ў ЗША і ЭЗ), паміж Ізраілем і Іранам, канфлікты паміж Пакістанам і Індыяй, Руандай і Конга, а таксама паміж Тайляндам і Камбоджай.
Падчас перамоваў у Белым доме
Калі ўдзельнікі ўжо сядзелі за сталом ва ўсходнім крыле Белага дому і Трамп па чарзе даваў слова эўрапейскім лідэрам, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заявіў, што перамір’е ўсё ж патрэбнае і што «мы ўсе хацелі б бачыць спыненьне агню. Давайце мацней ціснуць на Расею, каб з наступнай сустрэчы ўжо было спыненьне агню».
Яго падтрымаў прэзыдэнт Макрон: «Мы ўсе падтрымліваем ідэю ўстанаўленьня перамір’я».
Варта нагадаць, што Ўкраіна пагадзілася на перамір’е яшчэ 11 сакавіка — на ўкраінска-амэрыканскіх перамовах у Джыдзе, Саудаўская Арабія, прычым пагадзілася на безумоўнае спыненьне агню на сушы, у паветры і на моры.
Расея не пагадзілася на такое перамір’е дасюль, нават падчас перамоваў Трампа й Пуціна на Алясцы 15 жніўня.
Кір Стармэр і Эманюэль Макрон
Тэрыторыі
Гэтае пытаньне відавочна абмяркоўвалася за зачыненымі дзьвярыма ў Белым доме. Пагатоў украінская дэлегацыя прывезла вялікую мапу з пазначэньнем сытуацыі на фронце.
Украіна катэгарычна не прымае прапанову Пуціна, зробленую на Алясцы, аб поўным вывадзе Ўзброеных сілаў Украіны з усяго Данбасу, у першую чаргу з Данецкай вобласьці, дзе прыблізна 70 працэнтаў тэрыторыі кантралюе Расея.
Гэта немагчыма зь некалькіх прычынаў. Чаму Ўзброеныя сілы Ўкраіны павінны пакідаць тэрыторыі, якіх Расея не заваявала? Па-другое, лінія Славянск — Краматорск — Канстанцінаў — гэта лінія ўмацаваньняў, некаторыя зь якіх пабудаваныя яшчэ ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данбасе, а затым удасканаленыя. Па-трэцяе, выхад расейскіх войскаў на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласьці аўтаматычна ставіць пад пагрозу Днепрапятроўскую вобласьць з абласным цэнтрам (Дніпро — чацьвёрты ў колькасьці насельніцтва горад Украіны) і Харкаўскую вобласьць з Харкавам (другі паводле колькасьці жыхарства горад краіны).
Акрамя таго, Украіна і яе партнэры настойваюць, што нават калі лінія фронту будзе прызнаная, гэта не азначае, што Кіеў юрыдычна адмаўляецца ад сваіх земляў. Не ідзецца таксама пра абмен украінскіх тэрыторыяў на ўкраінскія тэрыторыі, бо Расея акупуе менавіта ўкраінскія землі. Дый ня можа прэзыдэнт Зяленскі гэтага дапусьціць, бо яго могуць абвінаваціць у дзяржаўнай здрадзе.
«Расейскае дамаганьне, каб Кіеў адмовіўся ад незахопленых частак Данбасу, калі гаварыць у шырэйшым кантэксьце, гэта тое ж самае, каб ЗША мелі б аддаць Флёрыду», — заявіў канцлер Нямеччыны Мэрц на брыфінгу пасьля перамоваў.
Пакуль ясна, што з боку адміністрацыі ЗША ёсьць нейкае разуменьне таго, чаго яны хочуць: каб Украіна не была ў NATO і што яна ня верне Крым. Тады ўсё астатняе — акрамя Крыму — можна вяртаць дыпляматычным шляхам?
Расея зараз кантралюе 20 працэнтаў тэрыторыі Ўкраіны, але пры цяперашніх тэмпах прасоўваньня расейскіх войскаў Маскве спатрэбіцца чатыры з паловай гады, каб цалкам узяць пад кантроль Луганскую, Данецкую, Запароскую і Херсонскую вобласьці, якія Расея нібыта «ўключыла» ў склад Расейскай Фэдэрацыі, чаго ніхто не прызнае.
Саміт Зяленскі — Пуцін — Трамп
Цікава, што Трамп, як выглядае, ня вельмі імкнецца быць трэцім на магчымай сустрэчы Зяленскага і Пуціна. Але Зяленскі і эўрапейцы настойваюць на тым, што прысутнасьць Трампа ключавая і патрэбная.
«У мяне такое адчуваньне, што вы (Зяленскі) і прэзыдэнт Пуцін зможаце дамовіцца пра нешта. Вядома, гэта рашэньне, якое могуць прыняць толькі прэзыдэнт Зяленскі і народ Украіны, з узаемадзеяньнем і ўзгоднена з прэзыдэнтам Пуціным. І я думаю, што з гэтага можа атрымацца нешта вельмі добрае», — сказаў Трамп.
Раней называлася дата такога саміту — 22 жніўня, але гэта пакуль не пацьверджана. Відавочна, саміт Украіна — ЗША — Расея можа адбыцца ў Эўропе цягам наступных двух тыдняў.
Прэзыдэнтка Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен у Белым доме
Пісалі, што Трамп хоча Рым і, магчыма, Ватыкан, дзе папа Леў XIV — амэрыканец. Пуцін нібыта аддае перавагу швайцарскай Жэнэве. Таксама ходзяць чуткі пра Будапэшт, Хэльсынкі, і прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган пастаянна запрашае да сябе на такі саміт.
Але ці сапраўды Пуцін гатовы да такога саміту? Відавочна, на Алясцы ў яго не было такога жаданьня.
«(Сустрэча мае быць) без умоваў, мы павінны сустрэцца, падумаць пра шляхі заканчэньня вайны», — сказаў Зяленскі на брыфінгу пасьля перамоваў у Белым доме.
Дзеля такога саміту Пуціну давялося б наступіць на горла старой крамлёўскай песьні пра нібыта «нелегітымнасьць Зяленскага».
Пасьля Аляскі адзін зь вядучых праўладных палітолягаў у Расеі Сяргей Маркаў нават настойваў на тым, што Зяленскі быў абраны «недэмакратычна» і што ў цэлым з 2014 году (калі Януковіч быў адхілены ад улады ў выніку Рэвалюцыі годнасьці) улада ва Ўкраіне, паводле яго, «нелегітымная». Хоць, як падкрэсьліваюць аналітыкі, наўрад ці можна параўноўваць украінскія выбары, якія праходзяць дэмакратычна, адкрыта і справядліва, зь неканкурэнтнымі, непразрыстымі выбарамі ва ўмовах сёньняшняй Расеі.
«Зь першага моманту прыходу да ўлады Дональда Трампа ў Пуціна была адна галоўная ідэя: не пасварыцца з Трампам і максымальна цягнуць час. Калі Трамп ня будзе рашуча настойваць на гэтай трохбаковай сустрэчы, Пуцін, вядома, на яе не паедзе», — кажа палітоляг Вадзім Дзенісенка ў інтэрвію Радыё Свабода.
Уладзімір Зяленскі
Але цяпер выглядае на тое, што сустрэча ўсё ж адбудзецца — спачатку Зяленскі і Пуцін, а потым да іх мае далучыцца Трамп.
Але амэрыканскія мэдыя паведамілі, што сустрэча Зяленскага і Пуціна можа адбыцца да канца жніўня, а канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц заявіў, што яшчэ трэба паглядзець, «ці досыць у Пуціна сьмеласьці прыехаць на сустрэчу зь Зяленскім».
Яшчэ адзін момант. Францускі лідэр Макрон прапануе весьці перамовы не ў трохбаковым, а ў чатырохбаковым фармаце — з удзелам Эўропы. Аднак пакуль невядома, хто меў бы прадстаўляць Эўропу — нехта адзін ад Эўропы? Але пакуль што ідзецца толькі пра перамовы ЗША — Украіна — Расея.
Цікавінкі
Многія камэнтатары адзначаюць, што гэтым разам — адрозна ад лютаўскай сваркі ў Авальным кабінэце — прэзыдэнты Трамп і Зяленскі былі ўзаемна ветлівыя, а віцэ-прэзыдэнт Вэнс, які тады падліваў алею ў агонь, цяпер маўчаў.
Таксама заўважана, што Зяленскі зрабіў высновы (кажуць, што яго кансультавалі брытанцы) і гаварыў мала, пастаянна дзякуючы Трампу і Амэрыцы.
Таксама Зяленскі цяпер надзеў чорны гарнітур, а не адзеньне вайсковага стылю, як у лютым, што выклікала закіды ад амэрыканскіх журналістаў.
Таксама ад пачатку сытуацыю разрадзіў ліст Алены Зяленскай да Мэланіі Трамп, які Зяленскі перадаў праз Дональда Трампа, з падзякай за намаганьні вярнуць украінскіх дзяцей, выкрадзеных Расеяй. Раней Мэланія напісала Пуціну ліст з просьбай вярнуць вывезеных з Украіны дзяцей, які Трамп перадаў таму на Алясцы.
Дональд Трамп з Уладзімірам Зяленскім
Прэзыдэнт Трамп пакідаў пакой для перамоваў на 40 хвілін, каб патэлефанаваць Пуціну.
Да таго ж аднавчасовая прысутнасьць гэтулькіх лідэраў у Белым доме — беспрэцэдэнтны момант, асабліва з увагі на тое, што ўсё плянавалася ў сьпешцы.
Трамп напісаў у сацыяльных сетках: «Прыняць гэтулькі выдатных эўрапейскіх лідэраў у нашым цудоўным Белым доме — гэта сапраўды вялікі гонар для Амэрыкі». Як добра, што Ўкраіна можа называць гэтых «вялікіх лідараў» сваімі сапраўднымі сябрамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарантыі бясьпекі, спыненьне агню, саміт, палонныя. У Белым доме прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Ўкраіны. ВІДЭА