Лінкі ўнівэрсальнага доступу

78-гадовую актывістку Ніну Багінскую ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў»


Ніна Багінская, архіўнае фота.
Ніна Багінская, архіўнае фота.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе , што імя Ніны Багінскай зьявілася ў абноўленым сьпісе экстрэмістаў, які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў.

30 красавіка 2025 году судзьдзя Максім Трусевіч разгледзеў крымінальную справу супраць актывісткі паводле ч. 2 арт. 342-2 КК. Падставай для крымінальнага перасьледу сталі неаднаразовыя адміністрацыйныя пастановы за 2024 год.

Пэнсіянэрку прызналі вінаватай, але замест пакараньня прызначылі «прафіляктычнае назіраньне».

Што трэба ведаць пра Ніну Багінскую

«Чалавек-сьцяг» — 75-гадовая пэнсіянэрка Ніна Багінская стала адным з сымбаляў беларускіх пратэстаў ня толькі 2020 году, але і ўсяго дзесяцігодзьдзя.

  • Да беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху яна далучылася яшчэ ў 1988 годзе, калі на Дзяды выйшла на марш у Курапаты.
  • Расла ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі, бацькі мелі беларускамоўных сяброў, расказвалі пра рэпрэсіі 1930-х.
  • Працавала чарцёжніцай у Інстытуце геалёгіі, займалася веласпортам.
  • Багінская — нязьменная ўдзельніца шматлікіх акцый пратэсту цягам многіх гадоў. Яе дзясяткі разоў затрымлівалі, яна ня раз начавала ў ізалятарах.
  • Яна адна з рэкардсмэнаў па колькасьці штрафаў — больш за 16 тысяч даляраў, якія яна прынцыпова адмаўляецца плаціць. За гэта ў яе апісалі два лецішчы і штомесяц забіраюць палову пэнсіі.
  • Ня мае мабільнага тэлефона, не карыстаецца інтэрнэтам, не глядзіць тэлевізар з прычыны кепскага зроку. Затое выпісвае незалежныя газэты.
  • Усе сьцягі, зь якімі выходзіць на пратэсты, шые сама. Пашыла ўжо сотні сьцягоў. Многія зь іх міліцыя пазабірала пры затрыманьнях.
  • Лічыць, што трэба перамагаць негвалтоўна, бяз зброі ў руках. Увесь час намагаецца размаўляць зь сілавікамі, прысаромліваць іх і тлумачыць, у чым яны ня маюць рацыі.
  • Словы актывісткі амапаўцу «Я гуляю» сталі лёзунгам мірных пратэстаў і інтэрнэт-мэмам.
  • Сама Багінская стала мастацкім вобразам і крыніцай натхненьня для мастакоў, якія адлюстроўваюць сучасныя падзеі ў Беларусі.
  • У верасьні 2020 году фатаздымкі актывісткі апублікаваў вядомы італьянскі часопіс пра моду Vogue.
  • Паводле актывісткі, сымбалем пратэстаў яе зрабілі журналісты і самі пратэстоўцы, найперш моладзь.
  • У кастрычніку, камэнтуючы пратэсты, Аляксандар Лукашэнка загадаў «не забіраць Багінскую з плошчаў», назваў яе перакананым чалавекам. Пасьля гэтага актывістку некалькі разоў затрымлівалі, але адпускалі без пратаколаў.
  • Мае двух дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG