Пагаворым пра тое, ці можна чакаць вызваленьня ўсіх палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій, а таксама якую ролю можа адыграць Беларусь, рэжым і дэмакратычныя сілы ў намаганьнях прэзыдэнта ЗША завяршыць вайну?
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Павал Латушка: Лукашэнка трапіў у пастку — яму двойчы сказаў прэзыдэнт ЗША Трамп, што чакае вызваленьня 1300 палітзьняволеных. Трэці раз Трамп зьвяртацца яе будзе
— За 6 гадзінаў да пачатку сустрэчы з Уладзімірам Пуціным на Алясцы з борта самалёта Дональд Трамп тэлефануе Аляксандру Лукашэнку і потым піша, што пагутарыў з Лукашэнкам і абмеркаваў вызваленьне 1300 вязьняў. Праз два дні амэрыканскі прэзыдэнт апублікаваў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth яшчэ адзін допіс, у якім назваў Лукашэнку «магутным лідэрам» і выказаў спадзеў, што неўзабаве 1300 беларускіх вязьняў будуць выпушчаныя з турмаў. Што можа стаяць за ўсім гэтым?
Павал Латушка: Мы разумеем, што Беларусь зьяўляецца вельмі важнай часткай Эўропы, і гэта тэрыторыя павінна быць донарам стабільнасьці для рэгіянальнай бясьпекі. І калі мы кажам у кантэксьце вайны Расеі пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны, то гэтую бясьпеку трэба ў тым ліку забясьпечваць і з тэрыторыі Беларусі. Я думаю, што гэта галоўная мэта камунікацыі, якая раней адбылася на ўзроўні спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Кэлага, які быў у Менску, а да гэтага і спадара Сміта, намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША і спадара Коўэла, які зьяўляецца адвакатам прэзыдэнта Трампа. Гэта галоўная мэта. Мы бачым, што і Лукашэнка мае таксама свае мэты, якія ён артыкулюе амэрыканскаму боку.
Галоўнай мэтай для яго зьяўляецца тое, каб наступны раунд перамоваў паміж прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, Пуціным і Трампам адбыўся ў Менску. Я думаю, гэта будзе сёньня вырашацца ў Вашынгтоне з удзелам Эўрапейскага Зьвязу. Так званы «Менск-3». Пра гэта я казаў не аднойчы ўжо на працягу года. Гэта стратэгічная мэта Лукашэнкі, ён хоча ўлезьці ў нагавіцы мэдыятара дзеля таго, каб адбудаваць свой імідж, можа трошкі зьняць бруду. Ён поўнасьцю ў бруду знаходзіцца як чалавек, які зьдзейсьніў шмат злачынстваў. Таксама гэта ў яго разуменьні можа дазволіць яму пазьбегнуць адказнасьці за злачынствы супраць украінскага і супраць беларускага народаў.
І Пуцін ня супраць, каб такія перамовы адбыліся ў Менску, таму што ён разглядае Беларусь фактычна, на жаль, як сваю тэрыторыю. Там знаходзіцца расейская армія, супрацьпаветраная абарона Расейскай Фэдэрацыі. Там ня дзейнічае ордэр Міжнароднага крымінальнага суда. Так што забясьпечваецца яго бясьпека, як фізычная, так і юрыдычная. А разам яны б хацелі такім чынам прынізіць кіраўніцтва Украіны, бо Ўкраіна глядзіць на Беларусь пад Лукашэнкам як на краіну-агрэсара. І гэта не пазыцыя Украіны, гэта перадусім кажа міжнароднае права, што прадстаўленьне тэрыторыі для агрэсіі — гэта акт агрэсіі. Другую мэту, якую ставіць Лукашэнка, гэта зьняцьце санкцый, бо цяпер вельмі цяжкое фінансавае і эканамічнае становішча ў Беларусі.
Мы камунікавалі з амэрыканскім бокам вельмі актыўна, пачынаючы ад студзеня-лютага. Мы перадалі нашую пазыцыю, якая складаецца з двух частак. Мы адвакатавалі першы крок — Лукашэнка павінен спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітзьняволеных і дэкрыміналізаваць грамадзка-палітычнае жыцьцё. Падчас гэтай камунікацыі амэрыканскі бок ставіў гэтыя пытаньні. І сёньня мы прыйшлі да публічнай інфармацыі, пра што кажа прэзыдэнт Трамп. Ён чакае ад Лукашэнкі, што той вызваліць усіх палітзьняволеных у Беларусі. Выкарыстоўваючы свае мэтады дыпляматыі. Зразумела, што яны могуць нам не падабацца з маральнага пункту гледжаньня, як ён зьвяртаецца да Лукашэнкі, але ён дамагаецца гэтай мэты — вызваленьня ўсіх палітзьняволеных у Беларусі.
І асабліва пасьля ўчарашняга твіта Трампа Лукашэнка трапіў у пастку. Яму фактычна пастаўлены ўльтыматум, бо яму ўжо двойчы сказаў прэзыдэнт ЗША Трамп, што ён чакае вызваленьня 1300 палітзьняволеных. Трэці раз Трамп зьвяртацца не будзе. Мячык зараз знаходзіцца на баку Лукашэнкі. Калі ён не выканае гэтыя чаканьні прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі, то мячык будзе ў варотах Лукашэнкі з усімі наступствамі. Я думаю, што зараз напружаньне ўзрасло і зараз ідзе камунікацыя, калі гэта адбудзецца і ці адбудзецца гэта ў кантэксьце ўсіх палітзьняволеных Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да эўрапейскіх лідэраў зь лістом пра беларускае пытаньне ў часе перамоваў па ЎкраінеСьвятлана Мацкевіч: Калі дапусьціць, што заўтра 1 300 чалавек на самалёце прыляцяць да нас прыляцяць, то мы сутыкнёмся з гуманітарнай катастрофай
— Калі пачнуцца вызваленьні, то людзей «выкінуць» за мяжу, як было з Сяргеем Ціханоўсікім і яшчэ 13 палітвязьнямі, ці будзе магчымасьць застацца ў краіне? Таксама важны працэс дапамогі вызваленым, рэабілітацыі. Прадстаўніца АПК Вольга Зазулінская заявіла, што сродкаў дапамагчы ўсім 1300 палітзьняволеным няма. Таксама пытаньне, калі людзі застануцца ў Беларусі, то перадаць ім дапамогу з-за мяжы практычна немагчыма. Як вы глядзіце на тое, што будзе адбывацца па вызваленьні? Да чаго трэба быць гатовым дэмакратычным сілам, арганізацыям, якія займаюцца дапамогай палітвязьням?
Сьвятлана Мацкевіч: Вывазіць за мяжу ці пакідаць у Беларусі — гэтае пытаньне, як мне здаецца, зьяўляецца прадметам дамоўленасьцяў у перамовах паміж Беларусьсю і Амэрыкай. Думаю, што частка палітвязьняў не захоча выехаць з краіны. У прыватнасьці, я думаю, што мой былы муж Уладзімер Мацкевіч, хутчэй за ўсё, пажадае застацца ў краіне. І як ён будзе рэагаваць на гэта, я на дадзены момант пакуль ня ведаю. Але ўсё роўна мы павінны вельмі дакладна разумець, што канчатковае рашэньне будзе за Лукашэнкам і за яго адміністрацыяй.
Да чаго трэба быць падрыхтаваным? Калі дапусьціць, што заўтра будзе вызвалена вялікая група людзей, напрыклад, 700 чалавек, 1.000 ці нават усе адразу 1.300 на самалёце прыляцяць да нас, за межы краіны, то мы сутыкнёмся, як раней папярэджвалі многія палітолягі, у прыватнасьці і Вольга Лойка, з гуманітарнай катастрофай. Таму што трэба будзе адразу пачынаць адаптацыю, рэабілітацыю. І гэта мноства розных працэсаў дапамогі, на якія, як мне падаецца, на сёньняшні дзень мы цалкам не гатовыя. Дэмакратычныя сілы і грамадзянскія структуры аказвалі дапамогу беларусам, якія выехалі з краіны, і гэтая дапамога недастатковая для таго, каб падтрымаць усіх палітвязьняў. Таму я думаю, што мы сутыкнёмся з вельмі цяжкай апэратыўнай сытуацыяй і новай мабілізацыяй для таго, каб задачы рэабілітацыі людзей ажыцьцяўляць арганізацыйна, не дубляваць адзін аднаго, а наадварот як мага больш аптымальна гэта арганізоўваць.
На дадзены момант няма асаблівых вялікіх рэсурсаў. Тыя грамадзянскія структуры, якія раней аказвалі гэтую дапамогу, таксама ахапіць увесь аб’ём так апэратыўна і хутка ня змогуць. І гэта трэба дакладна разумець і ўжо цяпер рыхтавацца, прынамсі, уступаць ва ўзаемадзеяньне з партнэрскімі арганізацыямі, якія раней займаліся гуманітарнай дапамогай, з міжнароднымі арганізацыямі, нават тым жа Чырвоным Крыжам за мяжой, які гэтым займаўся, сацыяльнымі службамі партнэрскіх краін — Польшчы, Літвы і гэтак далей. Прынамсі, іх трэба папярэдзіць, што такая сытуацыя можа быць, што мы будзем зьвяртацца да іх па дапамогу і што будзе патрабавацца такая мабілізацыя.
Што да дапамогі тым, хто застанецца ў Беларусі, то ў першую чаргу асноўная нагрузка будзе на сем’ях і найбліжэйшым коле. І ўсе асноўныя пытаньні, якія будуць адразу ўзьнікаць, — пытаньні, зьвязаныя з псыхалягічнай дапамогай, пытаньні, зьвязаныя са здароўем, мэдыцынскай дапамогай, ну і гэтак далей. Таксама прававая, працоўная рэабілітацыя. Гэта цэлы комплекс розных кірункаў сацыяльнай працы, якая павінна аказвацца. І я думаю, што дапамога з-за мяжы краіны будзе ўскладненая. Для рэжыму гэтае пытаньне не стаіць. То бок проста людзей выкінуць і далей, хутчэй за ўсё, будуць ствараць перашкоды, зьвязаныя з працай. Усё роўна будзе пастаўленае пытаньне далейшага кантролю іх дзейнасьці ўнутры краіны. То бок разьлічваць на тое, што гэта будзе спрыяльная сытуацыя, мы ня можам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што хоча Трамп ад Лукашэнкі? Аналізуем з Кавалеўскім нечаканы званок Трампа і вынікі саміту на Алясцы«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.