Ці адміністрацыя прэзыдэнта ЗША разглядае Лукашэнку як адмыслоўца па Пуціну, ягонага духоўніка. І менавіта ў такім статусе беларускі ўладар мог быць цікавым Трампу як раз перад перамовамі на Алясцы.
Сьцісла:
- Трамп назваў Лукашэнку «паважаным прэзыдэнтам Беларусі». У дадзеным выпадку, гэта выглядае не проста як даніна ветлівасьці, а як важная перамена палітыкі Вашынгтона.
- Для Лукашэнкі гэтае тэлефанаваньне — вялізны падарунак, пра які ён наўрад ці нават марыў. Гэта прарыў міжнароднай ізаляцыі.
- У пэўным сэнсе можна казаць, што тэлефанаваньне Трампа ўмацоўвае суб’ектнасьць Беларусі. Вашынгтон паказвае, што разглядае беларускую дзяржаву не як сатэліта Расеі, а як самастойнага міжнароднага суб’екта.
- Адносіны, перамоўны працэс паміж ЗША і Беларусьсю разьвіваюцца па двух асобных трэках. Гэта гуманітарны і геапалітычны трэкі. Прычым геапалітыка дамінуе.
Нечаканае тэлефанаваньне
Нярэдка так бывае, што нашыя нават устойлівыя ўяўленьні, меркаваньні, прагнозы абрынаюцца нечаканым паваротам падзей. Гэта ў экспэртным асяродзьдзі атрымала назву «чорнага лебедзя». Перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Дональдам Трампам цягнуць, па меншай меры, на статус «шэрага лебедзя», выглядаюць амаль як сэнсацыя.
З той інфармацыі, якую падаюць абодва бакі, хацеў бы зьвярнуць увагу на некалькі акалічнасьцей.
Па-першае, ініцыятарам размовы быў Дональд Трамп.
Тэлефанаваньне Трампа Лукашэнку адбылося за 6 гадзін да гістарычнага саміту
Па-другое, ён назваў Лукашэнку «паважаным прэзыдэнтам Беларусі». У дадзеным выпадку, гэта не проста даніна ветлівасьці. З улікам таго, што Захад не прызнаў афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, не лічыў Лукашэнку законна абраным прэзыдэнтам краіны, Сьвятлану Ціханоўскую ў заходніх сталіцах, у тым ліку, у Вашынгтоне, прымалі, (а ў ЭЗ працягваюць прымаць) на вышэйшым узроўні, цяперашні зварот да беларускага ўладара выглядае як важная перамена палітыкі Вашынгтона.
Па-трэцяе, паводле Трампа, мэтай тэлефанаваньня Лукашэнку было жаданьне выказаць яму падзяку за вызваленьне 16 зьняволеных (такую лічбу напісаў Трамп). Аднак час, які быў выбраны для такой падзякі, вельмі дзіўны.
Справа ў тым, што Трамп размаўляў з Лукашэнкам з борту самалёта, які ляцеў на Аляску дзеля перамоваў з Пуціным. То бок гэтае тэлефанаваньне адбылося за 6 гадзін да гістарычнага саміту, да якога прыкаваная ўвага ўсяго сьвету.
Якая роля адводзіцца Лукашэнку?
З артыкула журналіста часопісу Time Саймана Шустэра вынікае, што амэрыканская адміністрацыя разглядала перамовы з Лукашэнкам (адбылося пяць раундаў сустрэч) як дадатковы канал сувязі з Крамлём. І тут два варыянты тлумачэньня гэтага загадкавага тэлефанаваньня. Ці то Трамп такім чынам праз Лукашэнку хацеў даслаць Пуціну нейкі важны і тэрміновы мэсэдж напярэдадні перамоваў. З разьлікам на тое, каб той пасьпеў датэлефанавацца да Пуціна і перадаў яму гэты сыгнал.
Другі варыянт больш цікавы. Можна меркаваць, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША разглядае Лукашэнку не толькі як перадавальнае зьвяно да Крамля, але і як адмыслоўца, экспэрта па Пуціну, ягонага духоўніка. І менавіта ў такім статусе беларускі ўладар мог быць цікавым Трампу якраз перад перамовамі на Алясцы.
Уся астатняя інфармацыя вакол гэтага тэлефанаваньня больш выглядае як дыпляматычны палітэс.
Менавіта ў статусе «экспэрта па Пуціну» беларускі ўладар мог быць цікавым Трампу
Трамп паведаміў, што «наша гутарка была вельмі плённай, мы абмеркавалі мноства тэмаў». Беларускі бок тут імкнецца быць больш інфарматыўным. Прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе, што лідэры абмеркавалі «сытуацыю ў гарачых кропках, уключаючы Ўкраіну». Ягоная прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант адзначыла, што гаворка ішла пра пра сытуацыю вакол Ірану, Блізкага Усходу, і Лукашэнка павіншаваў Трампа з добрай работай па дасягненьні міру на Каўказе. Зразумелая лёгіка прэс-службы, яна імкнецца прадставіць свайго шэфа як знанага палітыка, зь якім кіраўнік самай магутнай дзяржавы абмяркоўвае сусьветныя праблемы. Але наконт Каўказа яна яўна перастаралася, бо тут ЗША ўклінілася ў традыцыйную сфэру ўплыву Расеі, і інфармацыя пра пасьпяховыя перамовы паміж Азэрбайджанам і Армэніяй пад эгідай Трампа ўспрымаюцца Масквой вельмі хваравіта.
Пра палітвязьняў
І тут вяртаемся да тэмы палітвязьняў. Хоць Трамп і спрабуе асобна вылучыць гэтую тэму, аднак, гледзячы па ўсім, яна ўсё ж была на пэрыфэрыі гэтай тэлефоннай размовы. Прэзыдэнт ЗША падзякаваў (!) за вызваленьне 16 палітвязьняў. Гэта знамянальна. То бок, Вашынгтон разглядае тое вызваленьне як падарунак Лукашэнкі амэрыканцам за сам факт візыту Кіта Келага, а не як зьдзелку.
Для дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ключавой зьяўляецца фраза з паведамленьня Трампа: «Мы таксама абмяркоўваем вызваленьне яшчэ 1300 вязьняў». Слова «палітвязьні» тут не ўжываецца, але з кантэксту зразумела, што ідзецца менавіта пра іх.
А вось камэнтар Эйсмант на гэтую тэму выглядае больш стрыманым і цьмяным. Пра абмеркаваньне вызваленьня яшчэ 1300 вязьняў гаворкі няма. Толькі адзначана, што Лукашэнка сказаў: «Мы не спыняемся і ў гэтым кірунку працавалі і працуем». Што гучыць вельмі няпэўна.
Для Лукашэнкі гэтае тэлефанаваньне — прарыў міжнароднай ізаляцыі
А затым пайшлі пратакольныя ветлівасьці. Трамп адзначыў, што «з нецярплівасьцю чакаю сустрэчы з прэзыдэнтам Лукашэнкам у будучыні». А прэсавая служба Лукашэнкі паведаміла, што той запрасіў Трампа з сям’ёй у Менск і запрашэньне, нібыта было прынятае.
Не будзем зараз гадаць наконт магчымых пэрспэктываў такой сустрэчы. А паспрабуем зрабіць папярэднія высновы па гарачых сьлядах гэтай неардынарнай падзеі.
Для Лукашэнкі гэтае тэлефанаваньне — вялізны падарунак, пра які ён наўрад ці нават марыў. Гэта прарыў міжнароднай ізаляцыі. Адна справа, калі зь ім размаўляюць амэрыканскія дыпляматы, і зусім іншая справа, калі яму тэлефануе сам прэзыдэнт ЗША. Да таго ж Лукашэнка раптам, нечакана апынуўся ў інфармацыйным фокусе, у момант, калі сьвет сочыць за падзеямі на Алясцы.
Адначасова гэтая размова сьведчыць пра разрыў у стаўленьні да рэжыму Лукашэнкі паміж ЗША і ЭЗ.
Два трэкі
У пэўным сэнсе можна казаць, што тэлефанаваньне Трампа ўмацоўвае суб’ектнасьць Беларусі. Вашынгтон паказвае, што разглядае беларускую дзяржаву не як сатэліта Расеі, а як самастойнага міжнароднага суб’екта. Магчыма, ЗША надаюць Беларусі пэўную ролю ў перамовах па Ўкраіне. Бо двухбаковыя перамовы працягваюцца. Увечары 15 жніўня па даручэньні Трампа Лукашэнку патэлефанаваў ягоны прадстаўнік Джон Коўл.
У дачыненьнях Вашынгтону да афіцыйнага Менску геапалітычны трэк дамінуе
Увогуле, можна казаць, што адносіны, перамоўны працэс паміж ЗША і Беларусьсю разьвіваюцца па двух асобных трэках. Гэта гуманітарны трэк, ён захоўваецца. Нядаўна Дзярждэп ЗША ў сваім штогадовым дакладзе за 2024 год канстатаваў, што ў Беларусі не зьмянілася сытуацыя з правамі чалавека, там гаворыцца пра катаваньні, адвольныя затрыманьні, транснацыянальныя рэпрэсіі, жорсткую цэнзуру і ціск на СМІ і інш. То бок бюракратычная машына ЗША рухаецца ў сваёй каляіне, дзейнічае паводле звыклых правілаў і стандартаў. Невыпадкова і Трамп у сваім паведамленьні ў сацсетцы Truth Social два разы ўзгадаў палітвязьняў.
Але паралельна разьвіваецца геапалітычны трэк. Тут у чымсьці паўтараецца гісторыя з палітыкай ЗША адносна Беларусі падчас першай кадэнцыі Трампа. Нагадаю, што тады ў Менск прыяжджалі і дзяржсакратар, і дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы ЗША, ставілася задачы выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі. Цяпер робіцца спроба працягу той палітыкі?
У любым выпадку ў дачыненьнях Вашынгтону да афіцыйнага Менску геапалітычны трэк дамінуе.
І як на гэтым тле выглядае роля ЗША як мадэратара перамоваў паміж уладамі і апазыцыяй, пра што апошнім часам шмат казалі прадстаўнікі Офісу Сьвятланы Ціханоўскай? Здаецца, на дадзеным этапе, ніяк.
Форум