У інтэрвію Fox News пасьля перамоваў з Уладзімірам Пуціным на Алясцы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што паводле ягоных адчуваньняў, Пуцін хоча міру, але таксама хоча справядлівага рашэньня.
Пра перамовы
Гэта была важная размова. Мы гаварылі пра Ўкраіну, пра выбары, пра бясьпеку, пра ядзерную зброю — шмат тэмаў. Гэта была вельмі прадуктыўная сустрэча. Мы абмеркавалі шмат важных момантаў і па Ўкраіне, і па ўсёй сытуацыі з NATO. Мы зараз працуем з мноствам замежных краін, вялікімі эўрапейскімі краінамі. Але пакуль няма зьдзелкі — няма зьдзелкі. Але мы сапраўды дабіліся прагрэсу. Мы дайшлі да згоды па шматлікіх пытаньнях.
Пра магчымую дамову
Я ня буду зараз пра гэта казаць, але магу сказаць, што гэта разумны падыход. Ніякіх крайнасьцяў. Гэта тое, што абодва бакі змогуць прыняць. Канешне, ня ўсе будуць шчасьлівыя... Я ведаю, якія ёсьць «чырвоныя лініі» у кожнага боку. Я ведаю, што можна прапанаваць, каб абодва бакі сказалі: «Мы не ў захапленьні, але мы згодныя». Ёсьць адзін ці два даволі важныя пункты, але я думаю, што іх можна дасягнуць. Цяпер усё залежыць ад прэзыдэнта Зяленскага, ці зможа ён гэта зрабіць.
Пра Эўропу
Яны робяць недастаткова. Паглядзіце, колькі марнуюць ЗША — сотні мільярдаў даляраў. А Эўропа? Некаторыя краіны робяць нешта, але большасьць — не. Гэта іхны сусед. Ім трэба турбавацца аб гэтым... Эўропа павінна ўзяць на сябе асноўную частку выдаткаў.
Некаторыя разумеюць (наколькі ўсё сур’ёзна — РС). Польшча, Вугоршчына, можа быць Чэхія — яны на перадавой. Але Францыя, Нямеччына? Я ня ўпэўнены. Яны марудлівыя, нерашучыя. Усё абмяркоўваюць тыднямі. У іх свае інтарэсы, свой бізнэс з Расеяй, свой газ. І гэта замінае. Яны не жадаюць цьвёрдых рашэньняў. А трэба дзейнічаць жорстка, рашуча і хутка.
Пра Зяленскага і Пуціна
Яны вельмі розныя. Зяленскі — актор, добры ў камунікацыі. Ён змагаецца за сваю краіну, але яму не хапае падтрымкі і стратэгічнага мысьленьня. Пуцін — стратэг, жорсткі. Ён ніколі не паказвае слабасьць. Ён ведае, чаго хоча, і ідзе да мэты. Гэта робіць яго небясьпечным. Але і зь ім можна дамовіцца, калі дзейнічаць з пазыцыі сілы. Ён паважае толькі сілу... Пуцін — моцны лідэр. У нас ёсьць агульныя інтарэсы. Мы можам працаваць разам. Мне было прыемна пачуць ад яго: «Калі б ты быў прэзыдэнтам, гэтай вайны б не было». Я думаю, ён хоча міру. Але ён таксама жадае справядлівага рашэньня. Для яго гэта таксама мае значэньне... Пуцін і Зяленскі зацікаўленыя ў маім удзеле ў магчымай будучай сустрэчы Расеі і Ўкраіны.
Пра адносіны Кітаю і Расеі
Вельмі небясьпечнае збліжэньне. Калі я быў прэзыдэнтам, яны трымаліся на адлегласьці. Кітай ня быў блізкі да Пуціна, і Пуцін таксама не давяраў Кітаю. Цяпер усё інакш. Яны гандлююць, супрацоўнічаюць, і гэта кепска для нас. Гэта вынік слабасьці ЗША. Я ведаю, як біць па Кітаю. Я ўжо гэта рабіў — тарыфы, абмежаваньні.
Пра пагрозу трэцяй сусьветнай вайны
Зараз, з тым, як усё разьвіваецца, мы бліжэй да трэцяй сусьветнай, чым калі-небудзь... У нас на руках канфлікт, які можа ўцягнуць увесь сьвет. Вайна ва Ўкраіне можа перакінуцца ў іншыя рэгіёны. Кітай можа пайсьці на Тайвань. Блізкі Усход зноў нестабільны. Усё гэта разам — рэцэпт катастрофы. І калі ля руля будуць такія ж слабыя лідэры, як цяпер — будзе бяда.
Пра наступны прэзыдэнцкі тэрмін
Я не баюся. Я іду туды не дзеля сябе — дзеля краіны. Дзеля будучыні. І я веру, што на гэты раз мы сапраўды ачысьцім Вашынгтон.
Форум