Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «ранейшыя ўласьнікі» холдынгу «Амкадор» перадалі дзяржаве прадпрыемства празь немагчымасьць вярнуць крэдыты.
«Паколькі ранейшыя ўласьнікі холдынгу шчыра прызналі, што больш ня могуць забясьпечваць вяртаньне запазычаных сродкаў (то бок прызналі, што пазыкі ўзялі, вярнуць ня могуць), мы былі вымушаныя прыняць кіроўную кампанію ва ўласнасьць дзяржавы. Мы ж ня можам калектыў кінуць, гэта тысячы людзей. Галоўнае, што гэтая прадукцыя нам патрэбная», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
На нарадзе з кіраўніцтвам ураду абмяркоўвалі праект указу, які забясьпечыць комплекснае рашэньне аб фінансавым аздараўленьні холдынгу.
Лукашэнка мяркуе, што фінансавыя праблемы прадпрыемства сталі вынікам вялікага абнаўленьня «лінейкі прадукцыі».
ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасьцю і рэалізацыяй спэцыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лягістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін.
Асноўным уладальнікам быў набліжаны да Лукашэнкі Аляксандар Шакуцін, ён жа да красавіка 2025 году ўзначальваў раду дырэктараў.
На 2022 год у структуру холдынгу «Амкадор» уваходзілі 26 прадпрыемстваў, у тым ліку 17 заводаў. Паводле ацэнак BelPol, на сёньня ў холдынгу працуюць каля 7000 чалавек. У 2020 годзе Шакуцін трапіў пад санкцыі ЭЗ як «гаманец» Аляксандра Лукашэнкі.
Пра тое, што справы ў «Амкадора» ідуць не найлепш, раней расказваў у сваім расьсьледаваньні BelPol. Паводле зьвестак абʼяднаньня, да лістапада 2023 году «Амкадор» меў пратэрмінаваную запазычанасьць у пагашэньні крэдыту ў «Беларусбанку» ў 38 млн рублёў. Беларускія «дочкі» холдынгу моцна закрэдытаваныя.
У чэрвені 2023 году Эўрапейскі суд разглядаў пазоў Аляксандра Шакуціна, які аспрэчваў абмежавальныя захады, уведзеныя супраць яго.
Суд пакінуў эўрапейскія санкцыі супраць Шакуціна ў сіле, бо палічыў недастатковымі довады, якія прывёў бізнэсовец, каб яго вывелі з-пад санкцыяў, і адхіліў пазоў. Суд таксама абавязаў Шакуціна пакрыць выдаткі, зьвязаныя з разборам справы.
Форум