Камітэт запатрабаваў ад уладаў Грузіі не высылаць Кісьляка ў Беларусь да завяршэньня працэдуры разгляду, паведаміў «Позірк».
Тбілісі павінен да 19 лютага 2026 году даць свае тлумачэньні адносна скаргі.
Яе разгляд можа заняць ад 2 да 5 гадоў.
Кісьляк цяпер знаходзіцца ў Грузіі са статусам «у дэпартацыі». Ён атрымае часовае пасьведчаньне асобы.
У першай палове 2025 году Грузія адмовіла ў прытулку 16 грамадзянам Беларусі, у тым ліку тром непаўналетнім.
Раман Кісьляк адзначыў, што гэта толькі 16-я скарга на Грузію ў КПЧ ААН за ўвесь час удзелу краіны ў гэтай працэдуры.
11 ліпеня апэляцыйны суд Тбілісі прыняў рашэньне пра адмову ва ўзычэньні міжнароднай абароны Раману Кісьляку. Яму далі 30 дзён, каб зьехаць з Грузіі. Але Кісьляк падаў скаргу ў ААН.
Паводле зьвестак Рамана Кісьляка ў Грузіі знаходзяцца больш за 14 тысяч беларусаў, якія прыехалі ў краіну пасьля падзей 2020 году.
«Ведаю, што больш за 80 чалавек просяць палітычнага прытулку і зь іх ужо больш як 60 адмоўлена. Пасьля леташніх выбараў беларусам у прытулку адмаўляюць, прычым у паскораным парадку», — заўважыў Раман Кісьляк.
Праваабаронца з Берасьця Раман Кісьляк зьехаў зь Беларусі ў ліпені 2021 году, асьцерагаючыся рэпрэсій. У Грузіі Раман Кісьляк працягвае праваабарончую дзейнасьць. Тым ня менш, паводле ягоных слоў, грузінскі суд у сваім рашэньні адзначыў, што катаваньні яму не пагражаюць.
Форум