Радыё Свабода зьбірае міжнародныя рэакцыі на сустрэчу ад палітыкаў і экспэртаў.
Таццяна Станавая, старшы навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі, у сацсетцы Х
«Найбольш значным вынікам зьяўляецца ўмацаваньне перакананьня Трампа ў тым, што Расею немагчыма перамагчы. Пуцін, што нядзіўна, падкрэсьліў ядзерную моц Расеі, што зрабіла моцнае ўражаньне на Трампа».
У гэтым ёсьць лёгіка: я лічу, што Пуцін мог бы зьвярнуцца да ядзернай зброі, калі б адчуў, што прайграе вайну. Трамп, аднак, заўсёды быў незвычайна адчувальны да ядзернага статусу Расеі. Гэта азначае, што ён ніколі ня будзе падтрымліваць Украіну гэтак жа поўна, як Эўропа, бо ня верыць, што Украіна можа выйграць вайну супраць ядзернай дзяржавы.
Гэта не навіна, але адказвае на пытаньне, якое мне часта задаюць: што адбудзецца, калі Трамп расчаруецца ў Пуціне? Адказ заключаецца ў тым, што нават у гэтым выпадку ён не наблізіцца да пазыцыі Эўропы з прычынысвайго страху перад ядзернай моцай Расеі«.
Міністар абароны Чэхіі Яна Чарнахова, у сацсетцы Х
«Перамовы... пацьвердзілі, што Пуцін не шукае міру, а шукае магчымасьць аслабіць адзінства Захаду і распаўсюджваць сваю прапаганду. Ён імкнецца працягнуць канфлікт, каб дасягнуць максымальных мэт расейскай экспансіі. Без аглядкі на чалавечыя ахвяры і разбурэньні ўкраінскіх гарадоў.
Тым ня менш, у перамовах быў сэнс, у тым ліку таму, што яны раскрываюць сапраўдныя матывы і думкі Ўладзіміра Пуціна.
Для нас з гэтага вынікае, што неабходна захоўваць згуртаванасьць Захаду і працягваць падтрымліваць Украіну, каб любая дамова аб перамір’і ці міры не была заключана толькі на расейскіх умовах. Гэта ў нашых жыцьцёвых інтарэсах».
Былы кіраўнік Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы Вольфганг Ішынгер у сацсетцы Х
«Пуцін атрымаў чырвоную дывановую дарожку з Трампам, Трамп — нічога. Асьцярогі пацьвердзіліся: ні перамірʼя, ні міру. Ніякага рэальнага прагрэсу. Ніякіх новых санкцый. Для ўкраінцаў: нічога. Для Эўропы: глыбокае расчараваньне. Лік 1:0 на карысьць Пуціна».
Дэйвід Крэймэр, былы памочнік Дзяржсакратара ЗША, у інтэрвію Радыё Свабода
«Я падазраю, што Ўладзімір Пуцін быў гатовы адказаць на пытаньні на прэс-канфэрэнцыі, паколькі ён некалькі разоў падчас свайго выступу згадаў „пагадненьні“, кажучы аб выніках перамоваў. Мне здаецца, амэрыканскі бок не хацеў удавацца ў падрабязнасьці таго, што абмяркоўвалася. Чаму — мы пакуль ня ведаем. Дональд Трамп сказаў, што яму не ўдалося дасягнуць пагадненьня з Пуціным па двух асноўных пунктах, я мяркую, што адным з гэтых пунктаў было спыненьне агню, другі — санкцыі. Прэзыдэнт Трамп сказаў, што ён не выключае яшчэ адной сустрэчы ў недалёкай будучыні, магчыма, нават у Маскве.
Былы дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, у інтэрвію CNN
„Трамп не прайграў, але Пуцін, безумоўна, перамог. Трамп выйшаў ні з чым, акрамя пэрспэктывы правесьці больш сустрэч. Пуцін стаў на шлях аднаўленьня адносін, што, я ўпэўнены, заўсёды было ягонай мэтай. Ён пазьбегнуў санкцый. Ён ня йдзе на спыненьне агню. Тэрмін наступнай сустрэчы не ўстаноўлены. Зяленскі не атрымаў ніякай інфармацыі“.
Гэта яшчэ ня скончылася. Але я б сказаў, што Пуцін дасягнуў большую частку таго, што хацеў, а Трамп — вельмі малога. І мне падалося, што Трамп выйшаў на прэс-канфэрэнцыю вельмі стомленым. Я маю на ўвазе — вельмі стомленым. Не расчараваным, стомленым. І мы мусім зразумець, што гэта азначае».
Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, у інтэрвію FoxNews
Калі трохбаковая сустрэча з Трампам, Зяленскім і Пуціным адбудзецца, то ён «з асьцярожным аптымізмам» прагназуе, што «вайна скончыцца задоўга да Калядаў».
«Калі сустрэча не адбудзецца, я думаю, прэзыдэнт Трамп можа наклікаць сурʼёзныя наступствы на Пуціна і тых, хто купляе яго нафту і газ», — заявіў ён у эфіры Fox News.
- У Анкорыджы на Алясцы 15 ліпеня прайшлі перамовы Ўладзіміра Пуціна і Дональда Трампа аб міры ва Ўкраіне. Перамовы, якія доўжыліся тры гадзіны, не прынесьлі абяцаньняў спыніць агонь. Сустрэча праходзіла ў фармаце «тры на тры».
- Меркавалася, што пасьля перамоваў Трампа і Пуціна адбудзецца працоўная сустрэча за абедам, але яе адмянілі. Фактычна не адбылася і прэс-канфэрэнцыя двух лідэраў: абодва толькі зачыталі заявы і сышлі, пакінуўшы без увагі пытаньні журналістаў.
- Пасля сустрэчы з Пуціным прэзыдэнт ЗША даў інтэрвію Fox News. У ім ён ацаніў перамовы «на дзясятку» і заявіў, што «зараз справа за прэзыдэнтам Зяленскім».
- Пазьней Трамп напісаў, што Пуцін аддае перавагу ўсёабдымнай мірнай дамове, а ня простаму спыненьню агню. Трамп таксама схіляецца да гэтага варыянту. Ён запрасіў у панядзелак у Вашынгтон Уладзіміра Зяленскага.
Форум