Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разам зь Зяленскім да Трампа паляціць генэральны сакратар NATO


Марк Рутэ
Марк Рутэ

Эўрапейскія лідэры маюць намер падтрымаць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў час сустрэчы ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, якая мае адбыцца ў панядзелак, 18 жніўня.

Пра гэта паведаміла выданьне Politico з спасылкай на свае крыніцы. Хаўрусьнікі Ўкраіны спадзяюцца пазьбегнуць паўтарэньня публічнай сваркі паміж прэзыдэнтамі ЗША і Ўкраіны, якая адбылася ў пачатку году.

Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен заявіла, што на просьбу Зяленскага таксама будзе прысутнічаць на сустрэчы. Свой удзел пацьвердзіў і канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мэрц.

Суправаджаць Зяленскага будзе таксама й генэральны сакратар NATO Марк Рутэ, які пацьвердзіў свой удзел. Магчыма, будзе і прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб. У абодвух палітыкаў склаліся добрыя адносіны з Трампам.

Як паведаміла раней выданне Axios з спасылкай на дыпляматычныя крыніцы, у час тэлефоннай размовы з украінскім прэзыдэнтам і эўрапейскімі лідэрамі Трамп заявіў, што хацеў бы правесьці трохбаковы саміт з удзелам Зяленскага і Пуціна ўжо 22 жніўня. Пуцін, аднак, афіцыйна не заяўляў аб намеры ўдзельнічаць у такой сустрэчы.

Зяленскі раней заявіў, што Расея «ўскладняе сытуацыю», адмаўляючыся ад спыненьня агню і працягваючы наносіць удары па Ўкраіне. Трамп пасьля сустрэчы з Пуціным на Алясцы 15 жніўня заявіў, што аддае перавагу не перамір’ю, а заключэньню паўнавартаснай мірнай дамовы паміж Расеяй і Ўкраінай.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG